Інданезійская мова (індан.: Bahasa Indonesia — мова Інданезіі) — адна з аўстранезійскіх моў. Афіцыйная мова (з 1945 г.) і мова міжнацыянальных зносін у Інданезіі. У бытавых зносінах яе выкарыстоўваюць каля 20 млн чалавек. Агульная колькасць тых, хто валодае мовай у той ці іншай ступені — каля 200 млн. Дыялектаў не мае.
Інданезійская мова аформілася ў першай палове XX стагоддзя на базе малайскай мовы, якая традыцыйна выкарыстоўвалася ў гэтым рэгіёне як лінгва-франка. Назва «інданезійская мова» была прынята ў 1928 г. на Кангрэсе моладзі і паступова выцесніла назву «малайская мова». Пісьменнасць на аснове лацінскага алфавіту.