Іаган Фрыдрых Авербек (ням.: Johann Friedrich Overbeck, 3 ліпеня 1789, Любек — 12 лістапада 1869, Рым) — нямецкі жывапісец, графік і малявальшчык-ілюстратар. Член мастацкага аб’яднання «назарэйцаў» у Рыме.
Біяграфія
Фрыдрых Авербек нарадзіўся ў сям’і патомных любекскіх юрыстаў. Бацька Фрыдрыха, Хрысціян Адольф Авербек, акрамя юрыдычнай дзейнасці быў канонікам, засядаў у гарадскім сенаце, займаў пасаду бургамістра і пісаў вершы.
З 1804 да 1806 гг. Авербек вучыўся маляванню ў Ёзэфа Нікалауса Перуа. У 1806—1810 гг. ён вучыўся ў Венскай акадэміі выяўленчых мастацтваў. У 1810 г. Авербек, незадаволены пераважным у акадэмічным навучанні класіцызмам, кінуў вучобу і разам з Францам Пфорам і Людвігам Фогелем адправіўся ў Рым.
Яшчэ ў Вене ў 1809 г. Авербек і яго сябры стварылі на ўзор сярэднявечнай гільдыі Св. Лукі «Саюз Лукі» — творчае аб’яднанне мастакоў, якія прысвяцілі сябе хрысціянскаму абнаўленню мастацтва скрозь прызму новага прачытання старога італьянскага і нямецкага мастацтва. Да саюза далучыліся Філіп Фейт і Петэр фон Карнеліус. У красавіку 1813 года Авербек прыняў каталіцтва.
Першапачаткова мастакоў называлі «назарэйцамі» іранічна з-за іх прычосак, аднак пазней гэтая назва зацвердзілася ў найменні плыні ў мастацтве XIX стагоддзя. Група атрымала прызнанне ў 1816—1817 гадах, выканаўшы роспіс Дома Бартольдзі, рэзідэнцыі прускага пасла Якаба Людвіга Саламона Бартольдзі. У працы над фрэскамі паводле легенды пра Іосіфа ўдзельнічалі Авербек, Карнеліус, Фейт і Вільгельм фон Шадаў (цяпер захоўваюцца ў Старой нацыянальнай галерэі ў Берліне). У 1817—18 гг. Авербек, Карнеліус, Фейт і Юліус Шнорр фон Каральсфельд удзельнічалі ў дэкарыраванні Вілы Масіма. У 1826 г. Авербек адхіліў прапанову баварскага караля Людвіга I узначаліць мюнхенскую Акадэмію мастацтваў, як і аналагічную прапанову, якая рушыла з Дзюсельдорфа. У 1829 г. Авербек адхіліў прапанову стаць кіраўніком Штэдэлеўскага мастацкага інстытута ў Франкфурце-на-Майне.
Зноскі