Politzek.me |
---|
|
Тып |
Некамерцыйная арганізацыя |
Год заснавання |
лістапад 2020 |
Заснавальнікі |
Штаб Віктара Бабарыкі |
Размяшчэнне |
Беларусь, Польшча, Літва |
Ключавыя фігуры |
Сузаснавальніца і кіраўніца - Іна Кавалёнак |
Сфера дзейнасці |
Правы палітычна зняволенных |
Слоган |
«Политзаключенный - мой друг. Бери и дружи!» |
Вэб-сайт |
politzek.me |
Politzek.me — беларуская платформа для дапамогі палітычным зняволеным у Беларусі, якая змяшчае актуальную базу палітычных зняволеных у краіне[1]. Створана ў лістападзе 2020 года пасля пачатку масавых пратэстаў[2] прадвыбарным штабам Віктара Бабарыкі, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, пры інфармацыйнай падтрымцы Праваабарончага цэнтра «Вясна»[3]. Кіраўнік арганізацыі і яе сузаснавальніца — Іна Кавалёнак[4].
Апісанне арганізацыі
Платформа створана каб зрабіць тэму палітвязняў больш даступнай і дэстыгматызаваць саміх палітвязняў, укараняючы творчыя рашэнні[5]. Праект стартаваў як сайт з базай даных беларускіх палітвязняў і іх гісторыямі. На сайце карыстальнік можа даведацца актуальную інфармацыю пра палітвязня, напісаць ліст палітвязню[6][7], адправіць паштоўку, зрабіць ахвяраванне, або адправіць пасылку ў СІЗА і інш[8]. Карыстальнік таксама можа ананімна пазначыць, што аказвае дапамогу пэўнаму палітвязню, дадаўшы яго ў сябры на сайце. Пад сяброўствам разумеецца выкананне пэўных дзеянняў для падтрымкі абранага палітвязня, але без прамога кантакту з чалавекам. Колькасць сяброў кожнага палітвязня адлюстроўваецца на сайце Politzek.me.[9]
Politzek.me лічыць, што лісты могуць стаць для палітвязняў крыніцай падбадзёрвання і падтрымкі, а ахвяраванні сем’ям палітвязняў могуць аблегчыць фінансавыя цяжкасці, з якімі сем’і сутыкаюцца пасля затрымання блізкіх, а таксама забяспечыць рэсурсы, неабходныя для падтрымкі сем’ямі саміх зняволеных[10].
Агульная ідэя сайта ў тым, каб даць людзям магчымасць дзейнічаць і падтрымліваць тых, хто змагаецца за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, а таксама садзейнічаць павышэнню дасведчанасці пра сітуацыю ў міжнароднай супольнасці[8].
Politzek.me займае выразную пазіцыю адносна вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Падчас сваіх інтэрв’ю і публікацый Politzek.me неаднаразова падкрэсліваў, што вызваленне ўсіх палітычных зняволеных павінна быць неадкладным і безумоўным. Арганізацыя лічыць, што кожны чалавек мае права на свабоду выказвання меркаванняў і ўдзел у грамадска-палітычным жыцці без страху пераследу, а таксама выступае за неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх асоб, якія былі зняволеныя за свае палітычныя погляды або ўдзел у мірных пратэстах. Politzek.me актыўна супрацоўнічае з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі для прыцягнення ўвагі да гэтай праблемы.
У красавіку 2024 года Politzek.me быў прызнаны Міністэрствам ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь «экстрэмісцкім фарміраваннем»[11], што з’яўляецца часткай шырокамаштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый у краіне[12]. У структуры «фармавання» згаданы сайт politzek.me, старонкі праекта ў «Інстаграме», «Твітэры», «Фэйсбуку», тэлеграм-канал, тэлеграм-бот і электронная пошта. У спісе «фармаванняў» Politzek.me мае 194 парадкавы нумар. Раней, у лістападзе 2023 года інтэрнэт-старонкі праекта былі прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі ў Беларусі[13]. Нягледзячы на гэты статус, арганізацыя працягвае сваю дзейнасць, падтрымліваючы палітычных зняволеных і іх сем’і, а таксама аказваючы ім неабходную прававую дапамогу. Многія міжнародныя арганізацыі і СМІ асуджаюць такі статус і падтрымліваюць Politzek.me у іх працы.
Напрамкі дзейнасці Politzek.Me
Politzek.me вядзе шырокую інфармацыйную кампанію, накіраваную на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы палітычных зняволеных. Арганізацыя публікуе навіны, інтэрв’ю з былымі палітвязнымі і аналітчныя запісы на сваім сайце свайго медыя PolitzekTimes[5][14] і ў сацыяльных сетках, распавядаючы пра лёсы палітычных зняволеных, умовы іх утрымання і намаганні па іх вызваленні. Гэтыя публікацыі шырока распаўсюджваюцца як у Беларусі, так і за яе межамі, што дапамагае прыцягнуць увагу да праблемы і аб’яднаць намаганні па яе вырашэнні.
Адной з ключавых ініцыятыў арганізацыі з’яўляецца стварэнне платформы[15] для абмену інфармацыяй пра палітычных зняволеных. Платформа працуе як асабістая старонка для кожнага вязня, дзе можна знайсці інфармацыю аб іх біяграфіі, місцы ўтрымання і паказчык колькасці дзён, праведзеных у зняволенні. Платформа дазваляе збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра іх стан, юрыдычныя і фінансавыя патрэбы, а таксама пра забеспячэнне падтрымкі іх сем’ям. Арганізацыя таксама праводзіць інфармацыйныя кампаніі і мерапрыемствы па збору сродкаў, каб забяспечыць неабходныя рэсурсы для аказання дапамогі.
Важным аспектам платформы Politzek.me з’яўляецца магчымасць выкарыстоўваць яе ў якасці актуальнай базы палітзняволеных[16]. Паколькі колькасць палітзняволеных заўсёды змяняецца, таму арганізацыя пастаянна працуе над тым, каб забяспечыць найбольш дакладную і своечасовую інфармацыю. Так па стане на лістапад 2021 года Politzek.me называе палітвязнямі ў Беларусі 1074 чалавекі[17], у снежні 2021 года — 1104 чалавекі[18], у маі 2022 года — 1457 чалавек[19]. На працягу 2021 і 2022 гадоў колькасць палітвязняў у Беларусі павялічвалася вельмі хутка, і ўжо ў кастрычніку 2022 года Politzek.me называў палітвязнямі ажно 1651 чалавека[20]. Па стане на ліпень 2024 года Politzek.me называе палітвязнямі ў Беларусі 1570 чалавекі[21].
Адным з вядомых праектаў Politzek.me з’яўляецца ініцыятыва па напісанні віртуальных лістоў і паштовак для палітычных зняволеных. Гэтая ініцыятыва накіравана на маральную падтрымку зняволеных і іх сем’яў, а таксама на прыцягненне ўвагі да іх лёсу. Як адзначае сузаснавальніца праекту Іна Кавалёнак, лісты зняволеным з’яўляюцца важным сродкам маральнай падтрымкі і спосабам перадачы інфармацыі пра тое, што яны не забытыя, што асабліва актуальна ў умовах рэпрэсій і абмежавання кантактаў з знешнім светам.
Прадстаўніца праекта Іна Кавалёнак адзначае, што асноўная мэта Politzek.me — гэта не проста адлюстраваць інфармацыю, але і забяспечыць асабістыя гісторыі кожнага палітычнага вязня, каб падтрымаць іх і напомніць аб іх несправядлівым становішчы[5], а таму асаблівую ролю ў інфармацыйнай дзейнасці Politzek.me адыгрываюць інтэрв’ю з былымі палітычнымі зняволенымі і іх сем’ямі.
У лютым 2023 года каманда Politzek.me запусціла свой анлайн-часопіс «PolitzekTimes»[5][22][23], прысвечаны гісторыям беларускіх палітвязняў. У часопісе публікуюцца гісторыі палітвязняў, іх развагі аб новых выпрабаваннях і сіле пераадолення цяжкасцей[24].
Як адзначае каманда Politzek.me, самы вялікі страх палітвязняў — гэта быць забытымі. Таму іх місія — рабіць усё магчымае, каб кожны герой быў пачуты, і гэты супадае з асноўнай задачай часопіса — працягваць расказваць гісторыі людзей да таго часу, пакуль апошні палітвязень не выйдзе на свабоду.
Праекты Politzek.Me
У сакавіку 2023 года ў Варшаве адбыўся хакатон, прысвечаны дапамозе беларускім палітвязням — Hack for Politzek[25]. Галоўная мэта мерапрыемства — распрацаваць новыя ідэі і праекты, якія могуць палепшыць умовы жыцця палітвязняў і іх сем’яў, а таксама прыцягнуць увагу да гэтай праблемы на міжнародным узроўні.
Аднімі з праектаў, распрацаваных на хакатоне, сталі 3D-мадэль камеры СІЗА, мэта якой — паказаць рэаліі жыцця ў беларускіх турмах і зняволенні, каб грамадства лепш разумела, з чым сутыкаюцца палітвязні, а таксама калькулятар падліку турэмных тэрмінаў, які дазваляе адсочваць, колькі часу зняволены правёў у зняволенні і колькі яшчэ засталося да яго вызвалення[26]. Абодва праекты былі інтэграваны на сайт politzek.me. Хакатон стаў важным крокам у развіцці інавацыйных падыходаў да дапамогі зняволеным і іх сем’ям, а таксама ўмацаванні салідарнасці і супрацоўніцтва паміж актывістамі і праваабаронцамі.
У жніўні 2023 году разам з мастачкай Каралінай Паляковай Politzek.Me анансаваў новы праект — «Горад палітвязняў»[27] — калекцыю цішотак, 30 % з продажы ад якіх пайшлі сем’ям палітзняволеных. Караліна Палякова так апісвае гэты праект: «На стварэнне працы мяне натхнілі вобразы з вядомых мазаік Аляксандра Кішчанкі „Мінск — горад мастацтва“ і „Мінск — горад навукі“ каля станцыі метро „Усход“. Там шмат сюжэтаў: навукоўцы прэзентуюць працы, людзі навучаюцца і танчаць у нацыянальных касцюмах, гісторыкі распавядаюць пра мінулае, матулі абдымаюць дзяцей. Гэты від сацыяльнага мастацтва актыўна працуе з часам, таму высновы, якія гледачы робяць пры праглядзе, спрыяюць аналізу і пошуку метафар. На ўсё гэта мы сёння глядзім іншымі вачыма. На момант напісання гэтага паста лічба палітычных вязняў у Беларусі перайшло лічбу 1600 чалавек. На гэтых мазаіках першапачаткова адлюстраваны свет краіны ў выглядзе мастакоў, навукоўцаў, і выбітных дзеячаў і зараз за кратамі знаходзяцца прадстаўнікі мастацтва, навукі, інжэнерыі Беларусі, носьбіты традыцыяў і людзі якія ахвяравалі сваёй свабоды дзеля вольнасці краіны. Аб гэтым варта памятаць» [27].
Прававая дапамога і падтрымка сямей
Акрамя інфармацыйнай і публічнай дзейнасці, Politzek.me аказвае прававую дапамогу палітычным зняволеным і іх сем’ям. Арганізацыя супрацоўнічае з адвакатамі і праваабарончымі арганізацыямі, каб забяспечыць юрыдычную падтрымку для тых, хто сутыкаецца з рэпрэсіямі. Гэта ўключае ў сябе кансультацыі, дапамогу ў падрыхтоўцы прававых дакументаў, а таксама прадстаўленне інтарэсаў у судзе. Politzek.me таксама дапамагае сем’ям палітычных зняволеных, якія часта сутыкаюцца з фінансавымі цяжкасцямі і іншымі праблемамі падчас зняволення іх блізкіх.
Міжнародная супольнасць і партнёрства
Politzek.me актыўна ўзаемадзейнічае з міжнароднай супольнасцю для павышэння эфектыўнасці сваёй дзейнасці, а таксама калабаруе і супрацоўнічае з арганізацыямі, якія таксама займаюцца праблемай палітычных зняволенных — Праваабарончы цэнтр «Вясна», Палітвязынка[28][29], Вольныя[30][31], Аб’яднанне сваякоў і колішніх палітвязняў[32][33], Письмо.бел[34], Dissident.by[35][36]
Арганізацыя наладзіла партнёрства з многімі міжнароднымі праваабарончымі групамі, такімі як Amnesty International, Human Rights Watch і іншымі, каб забяспечыць максімальную інфармацыйную падтрымку і міжнародны ціск на беларускія ўлады.
Арганізацыя таксама актыўна ўдзельнічае ў міжнародных канферэнцыях і форумах, дзе прадстаўляе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і заклікае да міжнароднай падтрымкі палітычных зняволеных.
Крыніцы
Спасылкі