Майбах (ням.: Maybach) — нямецкая кампанія, найбольш вядомая дзякуючы вытворчасці раскошных эксклюзіўных аўтамабіляў класа «люкс».
Гісторыя
Гісторыя маркі пачынаецца ў 1921 годзе, калі канструктар Вільгельм Майбах стварыў аўтамабіль Maybach W3 (свой першы аўтамабіль ён стварыў нашмат раней — у 1889 годзе), яго можна лічыць першым у гісторыі маркі. На гэтым Вільгельм Майбах не спыніўся, і наступнай мадэллю стала Maybach W5, якая выйшла ў 1926 годзе.
У 1929 годзе Вільгельм Майбах раптам захварэў і памёр. Справу працягнуў яго сын — Карл Майбах.
У 1960 годзе кампанія была набыта канцэрнам Daimler-Benz.
Адраджэнне
Упершыню канцэптуальная версія сучаснага «Майбаха» была прадстаўлена ў 1997 годзе на Мотаршоу ў Токіа, а ў 2002 годзе мадэль была запушчана ў серыйную вытворчасць у дзвюх версіях — Maybach 57 і Maybach 62. Для вытворчасці мадэлі быў пабудаваны спецыяльны завод Maybach Manufaktur у Зіндэльфільгене. Прэм'ера серыйных седанаў Maybach 57 і Maybach 62 прайшла ў ліпені 2002 года ў Нью-Ёрку.
Серыйныя лімузіны Maybach выпускаліся ў шасці варыянтах — стандартны Maybach 57 даўжынёй 5,72 м і падоўжаны да 6,16 м Maybach 62. Таксама ў гаму дадаліся варыянт «S» (2006 год), адкрыты Maybach 62 Landaulet (2007 год), а таксама самая дарагая і раскошная версія пад назвай Zeppelin (2009 год). Усе мадэлі Maybach былі пабудаваныя на платформе Mercedes-Benz S-Class.
Акрамя лімузінаў, кіраўніцтва Maybach разглядала магчымасць выпуску спартыўнага купэ. У 2005 годзе ў адзіным экзэмпляры было выпушчана купэ Exelero.
Аднак, спадзяванні DaimlerAG адрадзіць легендарную марку не апраўдаліся. Продажы аўтамабіляў Maybach апынуліся вельмі нізкімі і не апраўдвалі ўкладзеныя ў іх сродкі. У лістападзе 2011 года кіраўніцтва Даймлер-Бэнц прыняло рашэнне аб згортванні ў 2013 годзе выпуску аўтамабіляў маркі Maybach.
Mercedes-Maybach
У 2014 годзе Mercedes вырашыў выкарыстоўваць назву Maybach у якасці суббрэнда, пад якім кампанія будзе прадаваць найбольш раскошныя варыянты S-класа.
Першыя мадэлі адроджанага брэнда былі прадстаўленыя ў лістападзе 2014 года[1], у дзвюх версіях — S 500 і S 600. У параўнанні з доўгабазавым Мэрсэдэсам S-класа «Майбах» падоўжаны на 20 сантыметраў. У задняй частцы салона размясціліся два асобныя крэслы з рэгуляванымі падножкамі, мультымедыйная сістэма, уласны блок клімат-кантролю, з магчымасцю іянізацыі і распылення эксклюзіўных духоў ў салоне, як на папярэдніх "Майбахах". У якасці опцыі можна будзе замовіць бар з двума сярэбранымі келіхамі.
У сакавіку 2015 года шэраг мадэляў дапоўніў падоўжаны на метр лімузін Pullman.
У Беларусі
Станам на канец 2020 года ў Беларусі зарэгістраваны 1 аўтамабіль маркі Maybach[2].