Чандраян-2 (санскр.: चंद्रयान्-२; «Месяцовы карабель»)[1][2] — другая (пасля «Чандраян-1») аўтаматычная міжпланетная станцыя Індыйскай арганізацыі касмічных даследаванняў (ISRO) для даследавання Месяца. Мэтай місіі з’яўлялася дасягнуць арбіты спадарожніка Зямлі і здзейсніць мяккую пасадку на месяцовую паверхню.
Гісторыя
Першапачаткова, праект планавалася рэалізаваць сумесна з Расійскім касмічным агенцтвам[3][4]. Аднак, пасля няўдачы з апаратам Фобас-Грунт у 2011 годзе, Раскосмас высунуў шэраг дадатковых патрабаванняў, у тым ліку да масы месяцахода, пасля чаго Індыя вырашыла запускаць апарат самастойна[5], а старт быў перанесены з 2013 года на канец 2017 — пачатак 2018 года[6]. Для запуску апарата Індыя выкарыстала ўласную ракету-носьбіт GSLV.
Апарат «Чандраян-2» павінен быў вывучаць Месяц з арбіты. У склад місіі ўваходзіў таксама невялікі аўтаматычны месяцаход (ровер) «Праг’ям» (англ.: Pragyan) вагой ад 30 да 100 кг, які планавалася даставіць на Месяц пасадачным модулем расійскай станцыі «Луна-Рэсурс».
Пасадачны модуль «Вікрам» («Доблесць») павінен быў зрабіць мяккую пасадку на паверхні Месяца і даставіць туды планетаход «Праг’ям» («Мудрасць»), які на працягу 14 дзён меў збіраць узоры для аналізу і рабіць здымкі, перадаючы іх на Зямлю[7]. Меркавана ён мог прапрацаваць на Месяцы два-тры тыдні, на пасадачным модулі меўся сейсмометр для рэгістрацыі месяцатрусаў[8]. «Вікрам» планавалася пасадзіць у раёне Паўднёвага полюса Месяца альбо ў кратары Манцыні, альбо ў кратары Сімпелій[9].
Пасля пераносаў[10][11] пуск ракеты-носьбіта GSLV III з зондам з Касмічнага цэнтра імя Сатыша Дхавана на востраве Шрыхарыкота быў вызначаны на 02:51 па мясцовым часе 15 ліпеня 2019 года, а пасадка на паверхню Месяца павінна была адбыцца 6 верасня 2019 года[12]. За 56 хвілін да старту пуск быў адменены з-за тэхнічнай непаладкі ў дзейнасці ракеты-носьбіта.
Пуск ракеты-носьбіта GSLV III з АМС «Чандраян-2» адбыўся ў 14:43 па мясцовым часе (09:13 UTC) 22 ліпеня 2019 года[13]. Пуск прайшоў удала, але апарат быў выведзены на 6 тыс. км вышэй, чым планавалася. За кошт гэтага апарат мог здзейсніць менш манеўраў і сэканоміць паліва пры палёце да Месяца[14].
13 жніўня апарат выйшаў на калямесяцовую арбіту і пачаў паступовае зніжэнне. 7 верасня пры няўдалай спробе пасадкі на Месяц быў страчаны модуль «Вікрам».
Крыніцы
Спасылкі