Цю́рыхскае во́зера (ням.: Zürichsee, фр.: Lac de Zurich) — возера ў Швейцарыі, знаходзіцца на вышыні 409 метраў над узроўнем мора паміж кантонаміСанкт-Гален, Швіц і Цюрых; плошча 88 км², найбольшая даўжыня 40 км, шырыня ад 1 да 4 км, мае серпападобную форму; на ўсходнім канцы прымае ў сябе раку Лінт, якая цячэ з Гларнскіх Альпаў, з возера выцякае рака Лімат.
Каса ля Гурдэна, якая злучаецца чыгуначнай дамбай з мысам у Раперсвіль, дзеліць возера на дзве няроўныя часткі: меншую — Верхняе возера (Obersee), паміж кантонамі Швіц і Санкт-Гален, і большую частку — Ніжняе возера (Untersee), якая ляжыць у межах кантона Цюрых. Ніжняе — галоўная частка Цюрыхскага возера — адрозніваецца большай глыбінёй (143 м), чым Верхняе, неглыбокае і парослае чаротам.
Па абодвух берагах праходзіць чыгунка. На возеры два вострава: Уфенау і Люцэлау. У 1854 годзе на Цюрыхскім возеры пры Мейлене адкрыты былі першыя ў Швейцарыі палевыя пабудовы.
Суднаходства
Рэгулярныя пасажырскія перавозкі па возеры ажыццяўляе параходства 'Zürichsee Schifffahrtsgesellschaft. Флот гэтага параходства складаецца з сямнаццаці суднаў, сярод якіх — два старадаўнія колавыя параходы: Stadt Zürich (1909 года пабудовы) і Stadt Rapperswil (1914 года пабудовы).
Таксама на возеры адкрыта аўтамабільная паромная пераправа, паміж Хоргенам і Майленам. Аператар пераправы — кампанія Zürichsee-Fähre Horgen-Meilen AG. На пераправе выкарыстоўваецца пяць паромаў, якія ходзяць з інтэрвалам у 10 хвілін.