Філатэлія (фр.: philatélie, грэч.φίλος, φιλέω — люблю, і грэч.ἀτελής — вызваленне ад аплаты[1]) — калекцыяніраванне і вывучэнне паштовых марак, штэмпеляў і іншых знакаў паштовай аплаты, дакументаў звязаных з гісторыяй пошты. Узнікла ў 1840 годзе ў Англіі са з'яўленнем першых наклееных марак, якія замянілі грашовую аплату за перасылку пісем. Тэрмін упершыню ўвёў у 1864 годзе француз Г.Эрпен (фр.: G. Herpin). З 1860-х гадоў пачалі выдавацца філатэлістычныя каталогі і часопісы, з'явіліся арганізацыі філатэлістаў у ЗША (1868), Вялікабрытаніі і Германіі (1869), Францыі (1874).