«Кола-Кола» (ісп.: Colo-Colo) — чылійскі футбольны клуб з Сант’яга-дэ-Чылі. Быў заснаваны ў 1925 годзе, з моманту стварэння Прымера Дывізіёна ў 1933 годзе клуб ніколі не вылятаў з гэтага турніру[1]. Свае хатнія матчы праводзіць на стадыёне «Манументаль Давід Арэльяна» з 1989 года[2]. «Кола-Кола» з’яўляецца самым паспяховым чылійскім клубам, адзіным клубам з гэтай краіны, які стаў пераможцам Кубка Лібертадорэс.
Сваю назву клуб атрымаў у гонар індзейскага правадыра Калакола, які ўзняў паўстанне супраць іспанскіх заваёўнікаў у XVI стагоддзі. «Кола-Кола» з’яўляецца самым папулярным чылійскім клубам. Супрацьстаянне з другой паводле папулярнасці камандай краіны, «Універсідад дэ Чылі», з’яўляецца «суперкласіка» чылійскага футболу.
Гісторыя
Клуб быў створаны групай футалістаў, які ў 1925 годзе вырашылі пакінуць клуб «Магальянес», з-за канфлікту з кіраўніцтвам і ветэранамі клуба. Узначальваў гэту групу Давід Арэльяна.
Пасля заснавання «Кола-Кола» стала ўдзельнікам першага дывізіёна мясцовай футбольнай лігі. Першы матч у сваёй гісторыі клуб правёў 31 мая1925 года, які скончыўся перамогай з лікам 6:0. У тым жа сезоне яны перамаглі свой першы «класіка» супраць «Магальянесу» (2:0), і ў канцы чэмпіянату «Кола-Кола» стаў непераможаным чэмпіёнам і атрымаў ганаровую мянушку — «непераможны». У канцы года каманда нават здзейсніла невялікі тур па поўдні краіны, дзе згуляла некалькі матчаў з мясцовымі камандамі.
28 сакавіка 1927 года «Кола-Кола» стаў першым чылійскім клубам, які наведаў Еўропу, а менавіта Партугалію і Іспанію. «Непераможныя» згулялі свой першы матч у Ла-Каруньі 3 красавіка супраць «Эйрыньі». 2 мая 1927 года адбылася падзея, якая паўплывала на далейшае развіццё клуба. На 35-й хвіліне таварыскага матча супраць «Рэал Уніян» з Вальядаліда, капітан і заснавальнік клуба Давід Арэльяна атрымаў ад праціўніка вельмі моцны ўдар нагой у жывот. Арэльяна адвезлі ў шпіталь, але на наступны дзень ён памёр. Яму было ўсяго 24 гады. Пасля гібелі футбаліста ігракамі было прынята рашэнне змясціць чорную паласу на клубную эмблему.