Адзінай крыніцай лінгвістычных даных пра тамборскую мову з’яўляецца спіс з 48 слоў, які запісаў брытанскі каланіяльны адміністратар Томас Стэмфард Рафлз незадоўга да вывяржэння. Разам са словамі іншых моў рэгіёну спіс быў апублікаваны ў кнізе Рафлза «Гісторыя Явы»[3]. Вось гэтыя словы[4]:
seena — адзін
kálae — два
nih — тры
kude-in — чатыры
kutélin — пяць
báta-in — шэсць
kúmba — сем
koného — восем
láli — дзевяць
saróne — дзесяць
sisaróne — дванаццаць
simári — сто
doh — чалавек
sia-in — мужчына
óna-yit — жанчына
homóri — бацька
yelai — маці
kokóre — галава
saing'óre — вока
saing kóme — нос
búlu — валасы
sóntong — зубы
sumóre — жывот
taintu — рука
maimpo — ступня
kiro — кроў
kóngkong — дзень
tádung — ноч
kidjum — сон
sílam — мёртвы
si-yang — белы
naido — чорны
sámar — добры
gonóre — дрэнны
maing’aing — агонь
naino — вада
gónong — зямля
ilah — камень
kíwu — свіння
kilaíngkong — птушка
andik — яйка
karáyi — рыба
ingkong — сонца
mang’ong — месяц
kingkong — зорка
moríhoh — Бог
hok-hok — сядзець
mákan — есці
Большасць слоў са спісу, імаверна, з’яўляюцца спрадвечнымі. Тамборская лексіка адрозніваецца ад лексікі навакольных моў, як аўстранезійскіх, так і іншых[1]. Да запазычанняў з малайскай ці яванскай мовы адносяцца словы «búlu» («валасы») і «mákan» (есці)[5]. Генрых Цолінгер у 1850 годзе прапанаваў яшчэ некалькі магчымых крыніц для некаторых слоў са спіса: «naino» («вада») — з мадурскага «ain», «andik» («яйка») — з яванскага «endokh», «homóri» — з бугійскага «horo-anie» («мужчына»), «sia-in» («мужчына») — ад слова «ese» на дыялекце санган мовы біма. Яшчэ некалькі прапаноў Цолінгера выглядаюць малаверагоднымі: «si-yang» («белы») — за малайскага «siang» («поўдзень»), «gonong» («зямля») — з малайскага «gunung» («гара») і «hok-hok» («сядзець») — з нямецкага «hocken» («прысядаць»)[6]. Таксама разглядаюцца як магчымыя запазычанні настыпныя словы: «doh» («чалавек») — з мовы біма «dou», «seena» («адзін») — з аўстранезійскіх моваў, «moríhoh» — з санскрыту, «taintu» («рука») — з транснавагвінейскіх моў. Апошні выпадак можа тлумачыцца не толькі моўнымі кантактамі, але і генетычнай роднасцю[7].
Фаналогія
Верагодна, у запісах Рафлза спалучэнне літар ng’ перадае велярны насавы зычны [ŋ], а злучок можа азначаць гартанную змычку [ʔ][4].
На падставе даступнага спісу слоў магчыма рэканструяваць наступную сістэму зычных гукаў[8]:
Сістэма галосных магла складацца з пяці гукаў: /a/, /e/, /i/, /o/ /u/[8]. Варта адзначыць, што рэканструкцыя можа быць няпоўнай: тамборская мова таксама магла мець імплазіўныя зычныя, галосныя сярэдняга рада, насавыя галосныя ці зычныя з прыдыханнем — фанемы, якія сустракаюцца ў іншых мовах рэгіёну, і якія, магчыма, не атрымалася перадаць праз англійскую ці малайскую арфаграфіі, якімі карыстаўся Рафлз[4].
Націск, імаверна, заўсёды на перадапошнім складзе[4].
Марфалогія
Два словы ў спісе, якія называюць часці цела, пачынаюцца з «saing-» («saing'óre» — «вока» і «saing kóme» — «нос»). Магчыма, словы «sóntong» («зубы») і «sumóre» («жывот») таксама пачынаюцца з рэдуцыраванай формы прыстаўкі «saing-», якая можа мець значэнне прыналежнасці. Тым не менш, у спісе ёсць іншыя словы, якія абазначаюць часці цела, але не пачынаюцца з адпаведнага прэфікса[9].
Шэраг слоў, якія абазначаюць з’явы навакольнага свету, маюць аднолькавыя канчаткі «-kong» ці «-ong»: «kóngkong» («дзень»), «kilaíngkong» («птушка»), «ingkong» («сонца»), mang’ong («месяц»), «kingkong» («зорка»), «gónong» («зямля»), што можа сведчыць аб наяўнасці суфіксацыі ў тамборскай мове[7].
Слова «hok-hok» («сядзець») паказвае, што ў тамборскай мове была магчыма рэдуплікацыя. Імаверна, яна была звязана з дзеясловамі[7].
Генеалагічная класіфікацыя
Лексіка тамборскай мовы, за выключэннем некалькіх запазычанняў, адрозніваецца ад лексікі навакольных моў[1]. Ужо ў XIX стагоддзі было адзначана, што яе нельга адносіць да аўстранезійскіх моў, шырока прадстаўленых у рэгіёне[10]. Тамборскую мову адносяць або да ізаляваных моў[1], або, па выніках фаналагічнага аналізу, — да папуаскай моўнай сям’і[11]. На падставе археалагічных знаходак выказвалася таксама гіпотэза аб прыналежнасці тамборскай мовы да аўстраазіяцкай сям’і[6].
Тамборская мова можа значна пашырыць геаграфію распаўсюджання папуаскіх моў, бо востраў Сумбава знаходзіцца ў 500 кіламетрах на захад ад астравоў Тымор, Алор і Пантар — самых заходніх тэрыторыях, дзе ў цяперашні момант жывуць носьбіты моў папуаскай сям’і[6].