Кафедральны сабор Святой Марыі (ісп.: Catedral Primada Santa María de Toledo) — каталіцкі сабор у Таледа, кафедра прымаса Іспаніі, галоўны сабор краіны. Помнік архітэктуры, прыклад іспанскай готыкі. Сабор Святой Марыі — частка гістарычнага цэнтра горада Таледа, у 1986 годзе ўключанага ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Па-за службамі сабор працуе як музей.
Сабор пабудаваны ў гатычным стылі на месцы вестгоцкай царквы, пабудаванай у V—VI стагоддзях, а пасля заваявання маўрамі Пірэнейскага паўвострава пераўтворанай у мячэць. Пасля адваёвы Таледа хрысціянамі ў XIII—XV стагоддзях ішло будаўніцтва сучаснага будынка сабора, ён да гэтага часу з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Іспаніі: даўжыня сабора — 120 м, шырыня — 60 м, вышыня — 44 м.
У саборы захоўваецца мноства шэдэўраў — ад карцін Эль Грэка, Караваджа, Тыцыяна і іншых знакамітых мастакоў да выдатных узораў сярэднявечнага ювелірнага мастацтва.