Даўжыня цела 2,5—5,8 м (у вымерлай марской каровы дасягала 10 м). Маса да 650 кг, марской каровы да 4 т. Цела масіўнае, верацёнападобнае. Шыя кароткая і тоўстая, рухомая. Хваставы плаўнік гарызантальны. Пярэднія канечнасці ў выглядзе ластаў, рухомых у плечавым і локцевым суставах.
Разам з кітападобнымі і ластаногімі сірэны — трэці вялікі таксон сысуноў, якія жывуць у вадзе. У адрозненне ад цюленяў яны, аднак, не могуць перасоўвацца па сушы з-за сваіх слабых канечнасцяў. З кітамі іх таксама нельга параўнаць, бо яны звычайна жывуць у прыбярэжным мелкаводдзі ці нават у прэснай вадзе.
Пашырэнне
Вядомы з эацэну. Прарадзімаю сірэн мяркуема з’яўляецца Афрыка, а іх бліжэйшымі сваякамі — хобатныя і даманы. Пашыраны ў прыбярэжных водах мораў і ў буйных рэках трапічнай часткі Сусветнага акіяна.