Стрэ́чанне Гаспо́дняе, у каталіцкай традыцыі мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці, або Ахвяраванне Гасподняе[1] (грэч.Ἡ Ὑπαπαντὴ τοῦ Κυρίου; лац.: Praesentatio Domini) — хрысціянскае свята, якое адзначаецца ў Гістарычных цэрквах і некаторых пратэстанцкіх канфесіях[2].
Паводле закона Майсеева ўсе яўрэйскія бацькі павінны былі сваіх першынцаў (першых сыноў) на саракавы дзень пасля нараджэння прынесці ў храм для пасвячэння Богу[4][5]. Пры гэтым належала ў якасці выкупу Богу прынесці ахвяру. Закон гэты быў усталяваны ў памяць зыходу яўрэяў з Егіпта — вызвалення ад рабства, выратавання тады першынцаў яўрэйскіх ад смерці. Паводле евангельскага апавядання, у выкананне гэтага закону Маці Божая з Іосіфам прынеслі Немаўля Ісуса ў Іерусалімскі храм, а для ахвяры прынеслі двух птушанят галубоў[4].
У той час у Іерусаліме жыў старац Сімяон, які быў набожным чалавекам і чакаў прышэсця Збавіцеля. Яму было прадказана, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста Госпада. Сімяон доўга чакаў выканання абяцання, ён жыў, паводле падання, каля 300 гадоў. І калі Марыя з Іосіфам прынеслі Немаўля Ісуса, Сімяон сустрэў Дзіця, узяў яго на рукі і, славячы Бога, сказаў[4]:
Цяпер адпускаеш раба Твайго (з гэтага жыцця ў іншае), Уладару, з мірам (спакойна), паводле слова Твайго (згодна з Тваім абяцаннем), бо ўбачылі вочы мае спасенне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў.
Тут жа, у храме, была набожная Ганна-прарочыца, 84 гадоў, якая служыла Богу пастом і малітвай. І яна пазнала Збавіцеля і, падышоўшы, праславіла Госпада і казала пра Яго ўсім у Іерусаліме[4].