Дарыйцы ўварваліся ў Грэцыю з боку Македоніі і Эпіра ў канцы 2-га тысячагоддзя да н.э. (1100 — 1000 гады да н.э.), але прычыны іх міграцыі не зразумелыя. Карэннае насельніцтва рэгіёна бегла ў мацерыковую Грэцыю, і пасля гэтага на тэрыторыі Эпіра з'явіліся тры моўныя групы. Хаанійцы жылі ў паўночна-заходнім Эпіры, малосы — у цэнтры, а феспартыянцы на поўдні[2].
Малоскі перыяд (470—330 г. да н.э.)
Малоская дынастыя Эакідаў з 370 гады да н.э. пачала пашыраць свае ўладанні за кошт суседніх плямёнаў. Іх саюзнікам было Македонскае царства, якое дапамагала змагацца з набегамі ілірыйцаў[3], і ў 359 годзе да н.э. малоская прынцэса Алімпіяда стала жонкай цара Філіпа II Македонскага. Пасля таго, як Філіп II выгнаў яе дзядзьку Арыба, новым царом эпірскім стаў яе брат Аляксандр, які атрымаў тытул Цар эпірскі[4].
У 330 годзе загінуў Аляксандр Малоскі, і паняцце «Эпір» упершыню з'явілася ў грэчаскіх крыніцах. Таксама чаканка манет трох асноўных плямёнаў Эпіра змянілася на адзіную манету з легендай Эпіроты.[6] Пасля гібелі Аляксандра, прастол атрымаў у спадчыну Эакід, але ён быў зрынуты ў 313 годзе да н.э..
Яго сын Пір заняў прастол толькі ў 295 годзе. Быўшы адораным вайскаводам, ён аказаў ваенную падтрымку грэчаскаму насельніцтву Тарэнта. У бітвах пры Гераклеі і Аўскуле яго войскі разграмілі рымлян, але і самі панеслі сур'ёзныя страты, чым спарадзілі паняцце Пірава перамога.[7]
У 277 годзе Пір захапіў карфагенскую крэпасць Эрыкс на Сіцыліі, але сваёй неабдуманай палітыкай зрабіў астраўлянін уласнымі ворагамі. Неўзабаве ён пакінуў востраў, і вярнуўся ў Паўднёвую Італію.[8]
У бітве пры Беневенце (275 г. да н.э.) Пір быў разбіты рымлянамі, і вырашыў вярнуцца дамоў, тым самым страціўшы тут свае былыя заваяванні.[9]
Эпірскі саюз (231—167 г. да н.э)
У 233 годзе да н.э. была забіта апошняя прадстаўніца дынастыі Пірыдаў — царыца Дэідамія. Пасля гэтага мясцовае насельніцтва вырашыла арганізаваць федэратыўную рэспубліку. Але ўладанні новай дзяржавы значна скараціліся: на захадзе Акарнанія абвясціла незалежнасць, а эталійцы занялі Амфілохію, Амбрасію і астатнія землі на поўнач ад Арцкага заліва. Прычынамі гібелі дынастыі эпірскіх цароў маглі стаць непапулярны саюз з Македоніяй, а таксама тэндэнцыі ў мясцовым грамадстве.[10] Тым не менш, Эпір заставаўся сур'ёзным іграком у Грэцыі.[10]
У далейшым дзяржава стала ахвярай экспансіі Рымскай рэспублікі, якая паралельна змагалася з Македоніяй. Эпірскі саюз прытрымліваўся нейтралітэту ў дзвюх першых войнах, але ў трэцяй (171—168 да н.э.) падтрымаў Персея Македонскага. Па выніках мірнага дагавора, 150 000 эпіротаў сталі рабамі Рыма.[1]
Сацыяльная структура
У антычную эру Эпір і Грэцыю засялілі элінскія плямёны[11], але Эпіроты пражывалі ў маленькіх вёсках, чым моцна адрозніваліся ад сваіх паўднёвых суседзяў, якія стварылі гарады-дзяржавы. Іх край ляжаў у на мяжы грэчаскага свету, і наяўнасць па суседстве ілірыйскіх плямёнаў не спрыялі мірнаму жыццю Эпіра. У той жа час, рэгіён меў важны рэлігійны статус дзякуючы храму і аракулу Дадона, які саступаў толькі Дэльфам.[12]