У юнацтве ўдзельнічаў у паходзе польска-літоўскага войска пад камандаваннем Уладзіслава Вазы і вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча на Маскву. У 1615 годзе ажаніўся з Катажынай, дачкой гетмана Станіслава Жалкеўскага, у паходах якога прымаў удзел, у тым жа годзе стаў падстолім каронным. З красавіка 1618 — гетман польны каронны.
У 1620 годзе ў бітве пад Цацорай ў Малдавіі трапіў у палон да турак, з якога вызваліўся ў 1623 годзе.
Атрымаў начальства над войскамі, размешчанымі на Украіне, удзельнічаў у падаўленні казацка-сялянскага паўстання Жмайлы. Нанёс некалькі паражэнняў крымскім татарам.
Затым ваяваў са шведамі. Двойчы разбіў Густава II Адольфа, пад Гамерштэйнам (1627) і Тшцянай (1629). Быў дбайным прыхільнікам планаў караля Уладзіслава Вазы аб новай вялікай вайне з Турцыяй.
Сям’я
Быў жанаты тройчы: з 1615 года з Катажынай Жалкеўскай, дачкой вялікага гетмана кароннага Станіслава Жалкеўскага, а пасля яе смерці пры родах (1619) другі раз у 1620 годзе ажаніўся з Крысцінай Любамірскай (памерла ў 1645), дачкой старосты сандамірскага Себасцьяна Любамірскага, ад шлюбу з якой меў адзінага сына Аляксандра. У 1646 годзе пасля смерці сваёй другой жонкі і за два месяцы да ўласнай — з Соф’яй Людвікай Апалінскай (памерла ў 1657), дачкой ваяводы пазнаньскага Пятра Апалінскага.