7,62-мм снайперская вінтоўка Драгунова (СВД, індэкс — 6В1) — савецкая самазарадная снайперская вінтоўка, распрацаваная ў 1957—1963 гадах групай канструктараў пад кіраўніцтвам Яўгена Драгунова. Прынята на ўзбраенне 3 ліпеня 1963 года разам з аптычным прыцэлам ПСА-1.
Боепрыпасы і камплектацыя
Для стральбы з СВД прымяняюцца вінтовачныя патроны7,62×54 мм R са звычайнымі, трасіруючымі і бранябойна-запальнымі кулямі, снайперскія патроны 7Н1, снайперскія бранябойныя 7Н14; можа таксама страляць патронамі з экспансіўнай куляй JHP і JSP. Агонь з СВД вядзецца адзінкавымі стрэламі. Падача патронаў пры стральбе выконваецца з каробкавага магазіна ёмістасцю 10 патронаў. На дульнай частцы ствала мацуецца полымегасіцель з пяццю падоўжнымі прарэзамі, які маскіруе стрэл і засцерагальнік ад забруджвання ствала.
Наяўнасць газавага рэгулятара для змены хуткасцяў адкату рухомых частак забяспечвае надзейнасць вінтоўкі.
Дробнасерыйна для СВД вырабляўся тактычны глушыцель-полымегасіцель, вядомы як ТГП-В[1].
Прынцып дзеяння
Пры стрэле частка парахавых газаў, якія ідуць за куляй, накіроўваецца праз газаадводную адтуліну ў сценцы ствала ў газавую камеру, цісне на пярэднюю сценку газавага поршня і адкідвае поршань са штурхачом, а разам з імі і затворную раму ў задняе становішча.
Пры адыходзе затворнай рамы назад затвор адкрывае канал ствала, здабывае з патронніка гільзу і выкідвае яе са ствольнай скрынкі вонкі, а затворная рама сціскае зваротную спружыну і ўзводзіць курок (ставіць яго на ўзвод аўтаспуску).
У пярэдняе становішча затворная рама з засаўкай вяртаецца пад дзеяннем зваротнага механізму, затвор пры гэтым дасылае чарговы патрон з магазіна ў патроннік і закрывае канал ствала, а затворная рама выводзіць шаптала аўтаспуску з-пад узвода аўтаспуску курка, і курок становіцца на баявы ўзвод.
Для выканання чарговага стрэлу неабходна адпусціць спускавы кручок і націснуць на яго зноў.
Разнавіднасці
СВДС — варыянт СВД для паветрана-дэсантных войск са складным прыкладам і скарочаным, але патоўшчаным ствалом; створана ў 1991 годзе, прынята на ўзбраенне ў 1995 годзе.
СВДК — буйнакаліберны варыянт СВД пад патрон 9,3×64 мм са складным прыкладам, аналагічным такому ў СВДС.
ТСВ-1 — трэніровачная вінтоўка пад патрон .22 Long Rifle, распрацаваны Яўгенам Драгуновым для першапачатковага навучання снайпераў. Фактычна самастойная зброя, толькі паўтарае ў агульных рысах знешні выгляд СВД.