Ру́жа[3] (Rosa) — род кветкавых раслін сямейства ружавых. Мае мноства культурных форм. Дзікарослыя віды ў Беларусі называюць шыпшынамі.
Этымалогія
Назва роду паходзіць ад польск.: róża, што ў сваю чаргу ўтварылася ад ням.: rose і лац.: rosa. Шыпшына атрымала назву з-за вострых шыпоў, якія пакрываюць яе галіны.
Батанічнае апісанне
Лістападныя або вечназялёныя кусты, як правіла, вышынёй 1-5 метраў, часам павойныя, вышынёю 15—300 см (некаторыя віды ўтвараюць пляцістыя галіныы даўжынёю да 12 м).
Лісце чаргаванае, непарнаперыстае, з парнымі, прырослымі да чаранка прылістнікамі (рэдка простыя і без прылістнікаў, як у Rosa persica), утрымлівае 5-7 лісточкаў.
Кветкі розных колераў, як правіла, бледна-ружовыя, простыя ці махровыя, 4-6 см (да 16 см) у дыяметры, адзіночныя або сабраныя ў парасонападобна-мяцёлчатыя суквецці. Цвіценне ў еўрапейскай частцы Расіі ў маі — чэрвені.
Плод несапраўдны (гіпантый), авальны або яйкападобна-шарападобны, пры выспяванні чырвонага, аранжавага, пурпурна-чырвонага колеру, са шматлікімі арэшкамі ўсярэдзіне. Афарбоўка гіпантыя абумоўлена высокім утрыманнем каратынаў. Плады выспяваюць у верасні-кастрычніку.
Пашырэнне
Адрозніваецца сотні відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўночнага паўшар’я і ў гарах тропікаў. Старажытны цэнтр вырошчвання — Пярэдняя Азія, адкуль ружа трапіла ў антычную Грэцыю. У культуры больш за 30 тыс. сартоў (характэрна міжвідавая гібрыдызацыя). На Беларусі 9 дзікарослых відаў (шыпшын). Найбольш вядомыя: ружа Жэрара, ружа іржава-чырвоная, ружа майская, ці карычная, ружа мяккая, ружа сабачая, ружа скурысталістая, ружа Юндзіла. Трапляюцца ў падлеску разрэджаных лясоў, хмызняках, па берагах рэк, каля агароджаў. У Беларусі інтрадукаваны ружа калючая, ружа маршчыністая, ружа шматкветная, ружа шызая і інш.
Найбольшае распаўсюджванне і гаспадарчае значэнне мае ружа карычная (Rosa cinnamomeaL.).
Віды
Пералік відаў складзены на аснове дадзеных GRIN[4].
У народнай медыцыне плады шыпшыны выкарыстоўвалі пры прастудзе, малакроўі, рэўматызме, гіпертаніі, а таксама як супрацьзапаленчы, мачагонны і жаўцягонны сродак[5]. Адвар каранёў шыпшыны дапамагае пры паралічы і захворванні ног[6].
З пялёсткаў кветак некаторых відаў атрымліваюць ружавы алей.
Шыпшына ў культуры
У народнай культуры шыпшына сімвалізавала мужчынскае цела і маладосць[5].
Бог кахання Палель, сын багіні Лады, насіў вянок, у які былі ўплецены ружовыя кветкі шыпшыны[5]. Святую Арыну, якая ўшаноўваецца ў народным календары 1 кастрычніка звалі Арынай-шыпшынніцай, таму што ў гэты час паўсюдна збіралі плады шыпшыны, каб нарыхтоўваць на зіму[5].
У літаратуры
Беларускай ружай клічуць. Пчолкі кветкі ёй казычуць. Як пялёсткі абляцелі - Хутка і плады паспелі.