Рагнар Лодбрак (Рагнар Скураныя Порткі; паводле іншай версіі, «Лёсасцяжны»: lod — лёс, brog — сцяг — таму што, паводле падання, на яго сцягу, які няслі перад войскам, быў намаляваны крумкач Одзіна, які сваім крылом паказваў кірунак паходу[1]; пакараны смерцю ў 865) — паўміфічны дацкі конунг, прадстаўнік скандынаўскага роду Інглінгаў, бацька Б’ёрна Жалезнабокага (заснавальніка дынастыі Мунсё).
Легендарная біяграфія
Дакладных крыніц, якія бы пацвярджалі існаванне Рагнара, не існуе. Галоўным чынам падрабязнасці яго жыцця і дзейнасці вядомыя са скандынаўскіх саг, якія апавядаюць, як Рагнар здзяйсняў набегамі і марскім разбоем. Мяркуюць, што гістарычны Рагнар (калі такі існаваў) дзейнічаў у першай палове IX стагоддзя і быў адным з найбольш уплывовых ваенных правадыроў Даніі. Верагодна, ён быў сынам Сігурда Пярсцёнка. Мянушка звязана з легендай пра тое, што Рагнар насіў скураныя порткі, пашытыя яго жонкай Лагертай, якія выступалі ў ролі абярэга. Паводле іншай версіі, у дзяцінстве, выпадкова трапіўшы ў змяінае логава, выжыў дзякуючы скураным порткам.
Найважнейшыя падзеі, якія прыпісваюцца Рагнару — напад на тэрыторыю сучаснай Францыі і захоп Парыжа ў 845 годзе, а таксама напад на Нартумбрыю ў 865 годзе. Падчас паходу на Парыж ён нібыта ўзначальваў эскадру з 120 караблёў з 5000 воінаў, якія падняліся ўверх па рацэ Сена. Горад быў захоплены вікінгамі, а заходнефранкскі кароль Карл Лысы, каб выратаваць Парыж ад разбурэння, выплаціў велізарны выкуп у 7000 фунтаў срэбра. Хоць Рагнар, трымаючы слова, і пакінуў Парыж без істотных разбурэнняў, але на зваротным шляху праз паўночную Францыю разрабаваў усе землі, якія перасякаў. Лічыцца, што захоп Парыжа Лодбракам адбыўся 28 сакавіка 845 года.
У 865 годзе, падчас экспедыцыі ў Брытанію, карабель Рагнара сеў на мель у Нартумбрыі на поўначы Англіі, яго войска было разбіта, сам ён трапіў у палон і па загадзе караля Элы II быў скінуты ў яму з атрутнымі змеямі, дзе памёр пакутлівай смерцю. Легенды абвяшчаюць, што, паміраючы, Рагнар выклікнуў: «Як зарохкалі б мае родныя парасяты, калі б ведалі яны, як цяпер мне, старому кабану!». Такім чынам ён намякаў Элу II на тое, што яго сыны, якія знаходзіліся ў Швецыі, адпомсцяць за бацьку.
Паводле саг, шматлікія сыны Рагнара (Івар Бязкосткавы, Б’ёрн Жалезнабокі і іншыя) у 867 годзе ўварваліся ў Англію, адпомсцілі за гібель бацькі і паклалі пачатак дацкаму заваяванню вострава. Сыны Рагнара паланілі і затым пакаралі смерцю караля Элу, які памёр у жудасных пакутах. Каралеўствы Нартумбрыя, Мерсія і Усходняя Англія былі разрабаваны. Урэшце нашчадкаў Рагнара спыніў Альфрэд Уэсэкскі, разбіўшы іх войска ў 871 годзе.
У гульні Crusader Kings II пры ўсталяваным адоне The Old Gods Рагнар з’яўляецца негульнябельным персанажам. Кампанія адона пачынаецца з захопу яго сынамі тэрыторый Англіі — помста каралю Эле за смерць бацькі.