Помнік Гедзіміну (Вільнюс)
Помнік Гедзіміну — конны помнік вялікаму князю літоўскаму Гедзіміну ў Вільні, заснавальнікам якой ён з’яўляецца. Размешчаны на Кафедральнай плошчы, справа ад сабора Святога Станіслава. Помнік выканаў скульптар Міндаўгас Шнінас паводле праекта амерыканскага скульптара літоўскага паходжання Вітаўтаса Кашубы. Адліты ў Беларусі з бронзы, канфіскаванай літоўскімі мытнікамі на мяжы і перададзенай гораду. Граніт для пастамента падораны прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмай. Урачыстае адкрыццё адбылося 22 верасня 1996 года. У аснову праекта лягла легенда аб заснаванні горада, якая апісваецца ў Хроніцы Быхаўца, паводле яе Гедзімін паехаў са сваёй сталіцы Трокаў на паляванне каля ракі Віліі. На адной з гор ён забіў магутнага тура, за што тая атрымала назву Туравай. Гедзімін спыніўся на ноч каля свяцілішча Швінтарога, дзе спальвалі літоўскіх князёў, пры сутоку Віліі і Вільні. У сне яму з’явіўся вялікі жалезны воўк, які стаяў на Туравай гары і выў як сотня ваўкоў. Сон уразіў князя, і, каб даведацца аб яго значэнні, быў выкліканы вярхоўны паганскі святар крыве-крывайціс Ліздзейка, які і растлумачыў князю, што на гэтым месцы трэба закласці горад, слава якога, як сведчыць выццё ваўка, разыдзецца па ўсім свеце. Гедзімін прыносіць ахвяры ў свяцілішчы і намерваецца перанесці сваю сталіцу[1]. Манумент адлюстроўвае самога князя Гедзіміна, які трымае ў левай руцэ аголены меч, і яго жарабца, які стаіць ззаду. Помнік Гедзіміну з’яўляецца адным з нешматлікіх, дзе вершнік знаходзіцца не на кані, а побач з ім. Воўк выкананы з граніту, хоць паводле легенды аб быў жалезным. ЗноскіСпасылкі
Information related to Помнік Гедзіміну (Вільнюс) |