Пераходны ўрад Дэмакратычнай Рэспублікі Конга — часовы ўрад ДР Конга, які ўзнік пасля завяршэння Другой кангалезскай вайны і праіснаваў да прыняцця новай канстытуцыі.
Гісторыя
У ліпені 2002 года ў Прэторыі (ПАР) падпісана пагадненне аб вывадзе замежных войск з ДР Конга[1]. У рамках падтрыхтоўкі дакумента ўзгоднены план стварэння пасляваеннага пераходнага ўрада, у які ўвайшлі і прадстаўнікі ўладаў, і прадстаўнікі паўстанцаў. Паўнамоцтвы былі размежаваны наступным чынам: дзеючы кіраўнік краіны Жазеф Кабіла заставаўся прэзідэнтам[2], а за лідарамі апазіцыі (Азарыяс Руберва Жан-П’ер Бемба, Артур З’ахіды Нгома) замацоўваліся пасады віцэ-прэзідэнтаў. Адным з віцэ-прэзідэнтаў (Абдулай Ерадыя Ндамбасі) быў прыхільнік уладаў[3].
Афіцыйна пераходны ўрад пачаў дзейнічаць 1 ліпеня 2003 года[2].
У гэтых умовах пачаўся найскладанейшы этап кангалезскай перабудовы. Пры адсутнасці адзінства ў пераходным урадзе трэба было завяршыць працэс фарміравання прававой базы, павысіць абараназдольнасць шляхам стварэння арміі і паліцыі, ліквідаваць узброеныя групоўкі, аднавіць дзяржаўную ўладу па ўсёй краіне і, як завяршэнне працэсу пераходнага перыяду, правесці агульнадэмакратычныя выбары. У лютым 2006 года года Кабіла зацвердзіў новую Канстытуцыю і закон аб усеагульных выбарах, які вызначаў тэрміны і парадак іх правядзення. Гаворка ішла пра прэзідэнцкія, парламенцкія і выбары ў мясцовыя органы самакіравання. Змянілася геральдыка краіны. На гербе леў саступіў месца леапарду, а сцяг вярнуў сваё аблічча часоў 1963—1971 гадоў[4].
У 2006 годзе ў краіне прайшлі выбары, перамогу на якіх атрымаў Кабіла. Тым самым, пераходны перыяд быў завершаны[5].
Заўвагі