Оюм (гоцк.: Aujom «рачная вобласць», «краіна вод») — паводле гоцкага гісторыка Іардана, частка Скіфіі, у якую прывёў народ готаў іх кароль Філімер, прыцягнуты «вялікім багаццем тых краёў». Па словах гісторыка, гэта мясцовасць «акружана зыбкімі балотамі і вірамі». Раней готаў яе займаў народ спалаў.
Акадэмік В. В. Сядоў , на падставе археалагічных знаходак, лакалізуе Оюм, гоц. Aujom «водная краіна», ням. Aue «тэрыторыя акружаная вадой, багністая мясцовасць», у раёне абмежаваным з усходу Пінскімі балотамі, з поўначы Нараўскімі балотамі, з захаду — багністай мясцовасцю на памежжы з Любельшчынай[1], паколькі, паводле даных археалогіі, шлях готаў з вельбарскай культуры праходзіў на ўсход ад Віслы да сярэдняга Днястра, дзе яны і раздзяліліся.
Крыніцы
Іардан прызнае, што крыніцамі яго звестак пра прарадзіму готаў служылі народныя паданні і праца Аблавія: «гэта ўзгадваецца ў старажытных іх песнях як бы накшталт гісторыі і для ўсеагульнага ведання». Паданні пра войны готаў з гунамі і пра знаходжанне першых на Дняпры захавалі некаторыя скандынаўскія «сагі даўніх часоў». Найбольш цікавая сярод іх сага пра Хервёр, дзе апісана бітва гунаў і готаў, а таксама згадана гоцкая сталіца на Дняпры — Археймар. У археалагічным плане Оюму адпавядае чарняхоўская культура.
У Сазе пра Інглінгаў згадваецца пра Вялікую ці Халодную Швецыю на поўнач ад Чорнага мора. Самая вядомая рака гэтай краіны Танаіс, у нізоўях якой размешчана краіна Ванаў, а на ўсход Асгард.