Да 1975 года: шведскай знаці і кіраўнікам дзяржаў або асобам высокага рангу. Таксама, спадчыннікам шведскага трона ад нараджэння. Пасля 1975: замежным кіраўнікам дзяржаў і членам каралеўскай сям'і
Ордэн Серафімаў (шведск.: Seraphimerorden) — вышэйшы ордэн Швецыі.
Гісторыя
Заснаванне гэтага найстарэйшага і галоўнага са шведскіх ордэнаў узыходзіць да часоў Магнуса Ладуласа. Першапачаткова ён быў заснаваны як духоўна-рыцарскі ордэн у XIII стагоддзі (паводле іншых крыніц, у XIV ст.).
У іўдаісцкай і хрысціянскай рэлігійных традыцыях серафімы — гэта анёлы вышэйшага рангу, якія найбольш набліжаны да прастола Бога і ўслаўляюць Яго. Апісанне серафімаў утрымліваецца яшчэ ў старазапаветнай «Кнізе прарока Ісаі»: «У кожнага з іх па шэсць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў». Падрыхтоўваючы прарокаў да служэння, адзін з серафімаў ачышчае ім вусны, дакрануўшыся да іх гарачым вугалем, які ён узяў абцугамі з ахвярніка.
У 1748 годзе шведскі кароль Фрэдрык I аднавіў ордэн Серафімаў і распрацаваў яго статут, паводле якога гэту вышэйшую ўзнагароду атрымлівалі кіраўнікі дзяржаў, прынцы каралеўскай крыві, тыя грамадзяне, якія сваімі заслугамі дасягнулі першых чыноў у дзяржаве.
Колькасць кавалераў ордэна Серафімаў, які меў адну ступень, была абмежавана — 24 чалавекі; акрамя іх, ордэн мог быць уручаны яшчэ васьмі замежнікам. Найстарэйшы з кавалераў атрымліваў пажыццёвую пенсію ў 100 рыксдалераў.
Збор гербаў кавалераў ордэна знаходзіцца ў цэрквы Рыдархольмена. Калі памірае кавалер ордэна, яго герб вывешваецца ў царкве, і падчас пахавальнай цырымоніі з 12:00 да 13:00 звоняць царкоўныя званы.
У выніку ордэнскай рэформы 1975 года было пастаноўлена не ўручаць ордэн Серафімаў шведскім падданым, у тым ліку нават членам каралеўскага дому. Толькі ў 1995 годзе гэта пастанова датычна членаў каралеўскага дому была адменена, і дзяцей караля Карла XVI Густава было загадана лічыць кавалерамі ордэна з дня нараджэння[1]. Аднак знакі ордэна былі ім уручаны толькі ў дні іх паўналецця — кронпрынцэсе Вікторыі 14 ліпеня 1995 года, прынцу Карлу-Філіпу 13 мая 1997 года, прынцэсе Мадлене 10 чэрвеня 2000 года.
Знакі адрознення
Да знакаў ордэна Серафімаў адносяцца залаты крыж, зорка, залаты ланцуг і ордэнская стужка светла-блакітнага колеру.
Крыж — васьміканцовы (мальтыйскі) белы, эмаляваны, у залатой аправе і з залатымі шарыкамі на канцах. У цэнтры яго змешчаны нябеснага колеру шар з трыма белымі літарамі J. H. S. (Jesus Hominum Salvator — Ісус збавіцель людзей). Па баках крыжа і пад літарамі змешчаны залатыя кароны, на вуглах чатырохвугольніка размешчаны залатыя патрыяршыя крыжы, а паміж імі — залатыя галоўкі серафімаў. На блакітным полі адваротнага боку крыжа змешчаны тры літары — F. R. S. (Fredericus Rex Sueciae — Фрэдрык, кароль Швецыі). Крыж прышпільваецца да кароны і ў асабліва ўрачыстых выпадках носіцца на залатым ордэнскім ланцугу.
Сярэбраная зорка ордэна таксама выканана ў выглядзе ордэнскага крыжа.
Ордэнскі ланцуг складаецца са звёнаў у выглядзе залатых галовак серафімаў і эмаляваных блакітнай эмаллю патрыяршых крыжоў, якія чаргуюцца паміж сабой.
Зноскі
↑Krona och Serafimerorden(нявызн.)(недаступная спасылка). Sveriges Kungahus. Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2013. Праверана 18 ліпеня 2013.