Нарадзіўся ў невялікім нармандскім гарадку. 3 1612 па 1624 жыў і працаваў у Парыжы. Вывучаў антычнае мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы, А. Дзюрэра, займаўся анатоміяй і матэматыкай.
Большая частка творчага шляху майстра прайшла за межамі радзімы — у Рыме (з 1624). Менавіта там былі напісаны асноўныя карціны Н. Пусэна.
Творчасць
У адрозненне ад сваіх суайчыннікаў і сучаснікаў мастак звязваў ідэі рацыяналізму, мэтазгоднасці з антычнасцю. У сваіх творах Н. Пусэн увасобіў імкненне да велічнага спакою, высакароднай стрыманасці, гармоніі.
У Рыме былі напісаны карціны «Бітва» (1620-ыя), «Парнас» (1627—29), «Венера спіць» (1620-ыя), «Смерць Германіка» (1627).
Работа «Танкрэд і Эрмінія» (1630-ыя) стала праграмнай як для мастака, так і для ўсяго французскага класіцызму. Яна напісана на сюжэт паэмы Тарквата Тасо «Вызвалены Іерусалім» і расказвае, як амазонка Эрмінія, пакахаўшы свайго праціўніка і ворага Танкрэда, адразае валасы, каб перавязаць яго раны. Кампазіцыя карціны строга ўраўнаважана. Яна будуецца на выверанасці мас, вылучэнні планаў і так званых «куліс», на спалучэнні вялікіх колеравых плямаў (жоўтых, сініх, чырвоных). Такая пабудова дазваляе Н. Пусэну падкрэсліць паэтычна-ўзвышаны характар выявы.
Позні перыяд творчасці мастака вызначаўся зваротам да глыбокіх філасофскіх і маральных тэм. Так, у карціне «Аркадскія пастухі» (каля 1635) Н. Пусэн разважаў аб прымірэнні з рокам, мінучасці ўсяго зямнога, аб мудрым прыняцці чалавекам смерці. Паказаныя ў творы чатыры жыхары шчаслівай легендарнай краіны Аркадзіі разглядаюць надпіс на надмагільнай пліце: «I я быў у Аркадзіі». Гэта ўспрымаецца як напамін аб мінучасці маладосці, прыгажосці, як думка аб непазбежнасці смерці. Фігуры людзей, выяўленыя мастаком, нагадваюць антычныя статуі. Іх ураўнаважанасць, дакладна падабраныя дэталі касцюмаў і акружэння, роўнае рассеянае асвятленне — усё стварае ўзвышаны настрой, вольны ад марнасці і тленнасці.
Гэтая ж тэма знайшла ўвасабленне ў класічных ідэалізаваных пейзажах, створаных Н. Пусэнам у сталы і позні перыяды: «Пейзаж з Геркулесам і Какусам» (1649), «Пейзаж з Паліфемам» (1649), «Пейзаж з Арфеем і Эўрыдыкай» (каля 1650), а таксама ў серыі карцін «Поры года» (1660—64), дзе прырода і яе стан успрымаюцца мастаком у неадрыўнай сувязі з чалавекам, яго лёсам, гісторыяй жыцця і смерці.
Майстар чаканнай, рытмічнай кампазіцыі. Адным з першых ацаніў манументальнасць лакальнага колеру.
Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII — XVIII стагоддзі / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-6;
Cambry, «Essai sur la vie et les ouvrages du Poussin» (Парыж, VII);
Gaul de St-Germain, «Vie de N. Poussin, consideré comme chef de l'école française» (Парыж, 1806);
H. Bouchit, «N. Poussin sa vie et son oeuvre, suivi d’une notice sur la vie et les ouvrages de Ph. de Champagne et de Champagne le neveu» (Парыж, 1858);