Горад упершыню згадваецца ў гістарычных дакументах у XI стагоддзі як валоданне графаў Камізана. У 1098 годзе дачка тасканскага маркграфа Баніфацыя Мацільда Тасканская перадала Крэму ва ўладанне біскупам Крэмоны, якія пачалі развіваць у горадзе ваўняную вытворчасць, якая да XIX стагоддзя заставалася асноўным заняткам насельніцтва. У 1159 годзе горад быў узяты і разбураны імператарам Фрыдрыхам Барбаросам. У 1185 годзе імператар Генрых VI даў гораду статус свабоднай камуны, што прывяло да інтэнсіўнага эканамічнага развіцця, якое выявілася ў тым ліку ў будаўніцтве новых крапасных сцен у 1199 годзе і кафедральнага сабора. У 1335 годзе Крэма перайшла ва ўладанне міланскага герцага Джан Галеаца Вісконці і заставалася пад уладай гэтага роду да 1449 года (з перапынкам на валоданне Бенцані ў 1403—1423 гадах), калі адышла да Венецыянскай рэспублікі, апынуўшыся ў больш выгадным эканамічным становішчы. У 1580 годзе Крэма стала дыяцэзам, а ў 1796 годзе ў ёй была заснавана Акадэмія сельскай гаспадаркі. У 1797 годзе горад быў узяты французамі і злучаны з астатняй Ламбардыяй, першапачаткова ўтварыўшы правінцыю Крэма-Лода, але затым быў уключаны ў склад правінцыі Крэмона, што прывяло да яго заняпаду.