Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода. Самае першае пахаванне пад касцёлам датавана 1616 годам, а апошняе — 1936 годам, калі тут быў пахаваны апошні ардынат Нясвіжа Альбрэхт Антоні Радзівіл. У крыпце на сённяшні дзень знаходзіцца алтар Нявіннага Зачацця, 70 саркафагаў, адзін з іх — рытуальны, адна канопа і адна урна з прахам нашчадка нясвіжскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная з Лондана 8 чэрвеня 2000 года. У пачатку XX стагоддзя большасць трун крыпты была змешчана ў бярозавыя саркафагі[1].
Асобнае месца займае труна з нявызначанымі рэшткамі, якія могуць належаць кухару Радзівіла Сіроткі Я. Гермаку або А. Скарульскаму, які стварыў арган для касцёла. Абодва вандравалі з Радзівілам Сіроткам і ў 1583 годзе былі пасвячоны ў рыцары ордэна Святога Гробу Гасподняга[1].