Гідралагічны заказнік «Крывое» — заказнік рэспубліканскага значэння, створаны ў 1979 годзе для аховы Крывога возера і прылеглых прыродных комплексаў. Знаходзіцца на сутыку Ушацкага, Бешанковіцкага і Лепельскагараёнаў. Плошча (на 2021 год) 1063,72 га.
Апісанне
Размешчаны на паўднёвым усходзе Полацкай нізіны. Возера Крывое займае плошчу да 4,5 км². Максімальная яго глыбіня 31,5 м. Берагі адрозніваюцца высокай круцізной — 40-45 градусаў, а вышыня схілаў даходзіць да 50 м. У яго тыповая для ледніковых азёр складаная, глыбокая катлавіна, высокія залесеныя схілы, маленькая ступень зарастання макрафітамі, чыстая вада і шматлікая іхціяфауна. 17 % вадазборнай плошчы ўкрыта лесам, месцамі яна забалочана.
Ландшафты заказніка вызначаюцца асаблівай маляўнічасцю. Саснова-яловыя і бярозава-асінавыя лясы, што растуць па схілах, месцамі падыходзяць да самай вады. Возера Крывое незвычайна чыстае і празрыстае. Тут расце палушнік азёрны, занесены ў Чырвоную кнігу. Водзіцца вугор, судак, лешч і іншая рыба[1].