Касач бязлісты, Касач сіні[1] (Iris aphylla) — кветкавая травяністая расліна сямейства касачовых.
Апісанне
Шматгадовая травяністая расліна з моцным, ад асновы галінастым голым кветаносам вышынёй да 50 см і магутным кароткім паўзучым карэнішчам. Большая частка лісця ў прыкаранёвых веерападобных пучках, шырокае, лінейна-мечападобнае, серпападобна-выгнутае, па даўжыні роўнае кветаносу або некалькі даўжэйшае за яго. Лісце на кветаносе нешматлікае, да вяршыні паступова памяншаецца. Лісце абгорткі яйкападобнае або прадаўгаватае, уздутае, травяністае, зялёнае, нярэдка з пурпуровымі жылкамі. Кветкі буйныя, ярка-фіялетавыя, са слабым пахам, адзінкавыя, па 3-5 на кветаносе. Калякветнік з 6 лісцікаў, зрослых у ніжняй частцы ў трубку, якая ў 2 разы вышэй за завязь. Вонкавыя долі калякветніка з бародкай, утворанай шматлікімі жоўтымі валаскамі. Плод — прадаўгаватая трохгранная каробачка.
Пашырэнне
Еўрапейскі лесастэпавы рэліктавы від. Пашырэнне: Сярэдняя Еўропа, Балканскі паўвостраў, Малая Азія. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўночна-заходняй мяжой арэала. Месцы росту: астэпаваныя лугі, хмызнякі, узлескі і паляны.
Асаблівасці біялогіі
Цвіце ў маі-чэрвені, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Кветаносы паяўляюцца звычайна раней за лісце (адсюль відавая назва).
Выкарыстанне
Дэкаратыўная расліна.
Зноскі
Літаратура
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5