«Кароткі фільм пра каханне» з’яўляецца поўнаметражнай версіяй шостай часткі дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм адпавядае шостай запаведзі паводле каталіцкай традыцыі: «Не чужалож»[8].
Дзевятнаццацігадовы Томэк (Олаф Любашэнка[pl]) жыве з маці свайго сябра ў варшаўскай кватэры. Томэк вырас у дзіцячым доме, ён сарамлівы і замкнуты, мае мала сяброў, працуе на пошце. Увесь вольны час ён праводзіць, падглядваючы за прыгожай дарослай жанчынай па імені Магда (Гражына Шапалоўска[pl]), што жыве ў доме насупраць. Праз тэлескоп ён назірае за ёй кожную ноч: глядзіць як яна займаецца бытавымі справамі, як працуе над сваімі мастацкімі творамі, як пастаянна сустракаецца з рознымі палюбоўнікамі. Жадаючы часцей бачыцца з Магдай, Томэк дасылае ёй фальшывае паведамленне пра неіснуючы грашовы перавод. Апантанасць Томэка больш арыентавана на яе паўсядзённую дзейнасць, а не на яе сексуальнае жыццё; калі ён бачыць, што ў яе адбываюцца сексуальныя адносіны з мужчынам, то прыбірае тэлескоп і не глядзіць.
Томэк даведваецца, што ёсць праблема з пастаўкамі малака для дома, дзе жыве Магда. Тады ён уладкоўваецца на працу разносчыкам малака, каб быць бліжэй да яе. Аднойчы ноччу ён бачыць, як пасля расставання са сваім чарговым мужчынам, Магда плача ў сябе ў кватэры і разлівае бутэльку малака. Томэк пытае ў маці свайго сябра: «Чаму людзі плачуць?» Атрымаўшы яшчэ адно фальшывае паштовае паведамленне, Магда ўступае ў канфлікт з супрацоўнікамі пошты, якія абвінавачваюць яе ў вымаганні. Томэк бачыць, што Магда ўзлаваная сваркай на пошце, і, дагнаўшы яе, прызнаецца, што фальшывае паведамленне ад яго, што ён бачыў, як яна плакала, і што назірае за ёй. Тым жа вечарам Магда перасоўвае свой ложак так, каб ён быў добра бачны праз акно. Да яе прыходзіць палюбоўнік, і калі яны ляжаць у ложку, яна распавядае, што за імі зараз сочаць. Мужчына кідаецца на вуліцу, кліча Томэка, каб той выйшаў да яго, і ўдарае яго па твары.
На наступны дзень, сутыкнуўшыся з Магдай пры дастаўцы малака, Томэк прызнаецца, што кахае яе і нічога не чакае ўзамен. Томэк просіць яе пайсці з ім на спатканне ў кавярню – яна згаджаецца. У час спаткання ў кавярні Магда даведаецца, што Томэк назірае за ёй ужо цэлы год і што ён выкрадаў лісты, што прыходзілі ёй ад яе палюбоўнікаў. Спярша яна злуецца, зрэшты хутка супакойваецца, кажучы: «Якое гэта мае значэнне». У адказ на яго прызнанне ў каханні, яна кажа, што кахання не існуе, ёсць толькі секс. Яна паказвае Томэку, як мужчыны ласкаюць рукі каханых жанчын, але ён, не зважаючы, робіць гэта па-свойму.
Пасля спаткання ў кафэ Магда і Томэк прыходзяць да яе дамоў. Магда прымае душ і выходзіць да Томэка ў халаце. Ён працягвае ёй невялікі падарунак, але яна гаворыць, што не заслугоўвае падарункаў. Прысеўшы побач з ім, яна кладзе яго рукі на свае бёдры, і ад гэтага дотыку ў яго адбываецца аргазм. «Вось і ўсё каханне…» – гаворыць Магда. Засмучаны і абражаны, Томэк выбягае з яе кватэры. Магда адчувае сябе вінаватай і намагаецца звязацца з ім, даючы знакі ў акно, каб ён ёй патэлефанаваў. Потым піша на картоне «Вярніся, прабач» – і выстаўляе ў акно. Але адказа няма. Вярнуўшыся дадому, Томэк рэжа сабе вены. Пазней Магда прыходзіць у кватэру Томэка, каб вярнуць паліто, якое ён пакінуў у яе, і даведваецца, што той спрабаваў скончыць жыццё самагубствам і цяпер ляжыць у лякарні. Жанчына, у якой жыве Томэк, паказвае Магдзе яго пакой і тэлескоп і гаворыць: «Баюся, што вас гэта насмяшыць, але ён закахаўся ў вас».
Магда шукае Томэка, яна яўна занепакоена і клапоціцца пра яго. Аднойчы ноччу у яе кватэры раздаецца тэлефонны званок. Яна падымае і чуе маўчанне. Тады яна, думаючы, што гэта Томэк, прызнаецца яму, што ён правы наконт кахання. Але гэта не Томэк, у яе проста праблемы з тэлефонам. Пасля некалькіх дзён чакання і цікавання за акном Томэка праз тэатральны бінокль яна нарэшце заўважае, што ён вярнуўся. Магда ідзе ў яго кватэру і бачыць, што той спіць, а яго рукі ўсё яшчэ перавязаныя. Гаспадыня кватэры не дазваляе Магдзе дакрануцца да Томэка. Тады, заўважыўшы тэлескоп, Магда заглядвае ў яго і бачыць тую ноч, калі яна сядзіць за сталом і плача. На падлогу сцякае разлітае малако. Яна бачыць, як да яе падыходзіць Томэк і кладзе руку на плячо, супакойваючы яе.
Музычнае суправаджэнне да карціны «Кароткі фільм пра каханне» належыць польскаму кампазітару Збігневу Прайснеру. Музыка, што гучыць у фільме ўвайшла ў склад першага альбома Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка з аднайменнага тэлецыкла, і адпаведна з кінаверсій пятага і шостага фільмаў. Музычныя кампазіцыі з «Кароткага фільма пра каханне» ўвайшлі таксама ў альбом «Кеслёўскі» (2003)[11], які ўяўляе сабой кампіляцыю твораў Прайснера да фільмаў кінарэжысёра.