Калоідныя сістэмы, калоіды (стар.-грэч.: κόλλα — клей + εἶδος — выгляд; «тыя, хто маюць выгляд клею») — дысперсныя сістэмы, прамежкавыя паміж сапраўднымі растворамі і грубадысперснымі сістэмамі — завісь, у якій дыскрэтныя часціцы, кроплі ці бурбалкі дысперснай фазы, якія маюць памер ад 1 да 100 нм, размеркаваныя ў дысперсійным асяроддзі, звычайна бесперапынным, якое адрозніваецца ад першага па складзе або агрэгатным стане. У свабоднадысперсных калоідных сістэмах (дымы, золі) часціцы не выпадаюць у асадак.
Асноўныя ўласцівасці
Калоідныя часціцы не перашкаджаюць праходжанню святла.
Дысперсныя часціцы не выпадаюць у асадак — броўнаўскі рух падтрымлівае іх ва ўзважаным стане, але, ў адрозненні ад броўнаўскага руху часціц, дысперсныя часціцы ў калоідных растворах не могуць сустрэцца, што абумоўлена аднолькавым зарадам часціц.
Калоідныя сістэмы, якія прымяняюцца ў хімічным аналізе
З калоідных сістэм найбольшае значэнне для хімічнага аналізу маюць гідразолі — двухфазныя мікрагетэрагенныя дысперсныя сістэмы, якія характарызуюцца гранічна высокай дысперснасцю, у якіх дысперсійным асяроддзем з'яўляецца вада — найбольш часта ўжывальны ў аналітычнай практыцы растваральнік. Сустракаюцца таксама арганазолі, у якіх дысперсійным асяроддзем з'яўляюцца няводныя (арганічныя) растваральнікі. У выніку малекулярнага счаплення часціц дысперснай фазы з золяў пры іх каагуляцыі ўтвараюцца гелі. Пры гэтым не адбываецца падзелу фаз; іншымі словамі, пераход золяў у гель не з'яўляецца фазавым ператварэннем.
Пры ўтварэнні гелю ўсё дысперсійнае асяроддзе (напрыклад, вада ў гідразолі) трывала звязваецца паверхняй часціц дысперснай фазы і ў ячэйках прасторавай структуры геля. Гелі здольныя вд аднаўляць сваю прасторавую структуру ў часе, але пасля высушвання надыходзіць разбурэнне іх структуры і яны губляюць гэту здольнасць.
Аналіз калоідных сістэм
Існуе некалькі метадаў аналізу калоідных сістэм, сярод іх ёсць хімічныя і фізіка-хімічныя метады: аналіз з дапамогай адсарбцыйных індыкатараў; метады на аснове вымярэння рассейвання святла, якое праходзіць (нефеламетрыя і турбідыметрыя); метады на аснове вымярэння хуткасці седыментацыі, а таксама хуткасці броўнаўскага руху ў калоідных сістэмах (аналіз траекторый наначасціц, дынамічнае і статычнае светарассейванне.)