У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем
Кадвалан.
Кадвалан ап Кадван (вал.: Cadwallon ap Cadfan, лац.: Catuvellaunus, англ.: Catwald; каля 600—634) — кароль Гвінеда з 625 года. Кадвалан з’яўляецца, мабыць, адзіным валійскім кіраўніком, якому ўдалося ў выніку шэрагу ваенных перамог захапіць на невялікі перыяд часу значныя англасаксонскія тэрыторыі.
Кадвалан стаў каралём Гвінеда пасля смерці бацькі Кадвана ап Іяга.
Большая частка перыяду яго кіравання праходзіла ў ваенным супрацьстаянні з каралеўствамі Нартумбрыі. Прычынай гэтаму паслужыла экспансія караля Дэйры і Берніцыі — Эдвіна на захад. Прэтэнзіі гэтага ўладара на дамінаванне сярод англасаксонскіх каралёў і падтрымка кіраўніка Усходняй Англіі Рэдвальда дазволілі Эдвіну далучыць да сваіх уладанняў брыцкае каралеўства Элмет і англасаксонскае — Ліндсі. Затым, паводле слоў Беды Вялебнага, «ён падпарадкаваў нават астравы Меваніі»[1] — гэта значыць астравы Мэн і Англсі, былы гвінедскім уладаннем.
Першая згадка Кадвалана ў крыніцах звязана з завяршальным этапам уварвання Эдвіна на тэрыторыю Уэльса — «Аналы Камбрыі» ўтрымліваюць запіс за 629 год: «Аблога караля Кадвалана на востраве Гланайк»[2]. У выніку паражэння на гэтым невялікім востраве на захад ад Англсі кароль Гвінеда вымушаны быў бегчы.
Звесткі пра дзейнасць Кадвалана ў выгнанні маюцца толькі ў «Гісторыі брытаў» Гальфрыда Монмуцкага і яе валійскім варыянце «Хроніцы ранніх брытаў». Паводле іх версіі Кадвалан спачатку хаваўся ў Ірландыі, затым праз востраў Гернсі прыбыў у Брэтань да двара караля Арморыкі — Саламона. Атрымаўшы ваенную падтрымку армарыканскіх брытаў, Кадвалан высаджваецца ў Брытаніі і, здымаючы аблогу мерсійцаў з Эсконіі (вал.: Caer-Uisc, суч. Эксетэр), вымушае караля Мерсіі Пенду далучыцца да яго. Пазней ён змацоўвае саюз з мерсійскім кіраўніком шлюбам з сястрой Пенды — Элкфрытай.
Незалежна ад ступені дакладнасці звестак «Гісторыі брытаў» сапраўды фарміруецца альянс Пенды і Кадвалана. Іх аб’яднаныя сілы разбіваюць войскі Эдвіна ў бітве пры Мейсене (лац.: Meicen), якая паводле англійскай традыцыі завецца бітвай пры Хэтфілдзе (англ.: Hatfield Chase), 14 кастрычніка 633 года, у якой гіне кароль Нартумбрыі і яго сын Осфрыд, а другі сын Эдфрыд трапляе ў закладнікі да Пенды (паводле звестак «Аналаў Камбрыі» ў бітве загінулі два сыны)[3].
Пасля перамогі над Эдвінам Кадвалан і Пенда акупавалі практычна ўсю тэрыторыю Нартумбрыі. Беда, як чалавек, які нарадзіўся ў Нартумбрыі і быў у значнай ступені прадузятым, апісвае падзеі наступным чынам:
|
… Тады пачалося вялікае ганенне на царкву і народ Нартумбрыі, прычым адзін з ганіцеляў быў язычнікам, а іншы — яшчэ больш жорсткім варварам. Бо Пенда і ўвесь народ мерсійцаў былі ідалапаклоннікамі і не ведалі імя Хрыста, але Кэдвала, хоць і хрысціянін паводле імя і спавядання, быў сапраўдным варварам паводле прыроды і не мілаваў ні жанчын, ні нявінных дзяцей. Са звярынай жорсткасцю ён аддаваў іх смерці і пакутам і доўга спусташаў іх зямлю, жадаючы сцерці з твару Брытаніі ўвесь народ англаў[4]
|
|
Нартумбрыя зноў распалася на свае гістарычныя складнікі: Дэйра — уласны дамен Эдвіна, перайшла па спадчыне да яго стрыечнага брата Осрыка, а Берніцыя — да сына Этэльфрыта, папярэдніка Эдвіна, — Энфрыда. Осрык распачаў спробу вызваліць свае землі і аблажыў у пачатку 634 года Кадвалана ў Ёрку[5] Аднак гвінедскі кароль, здзейсніўшы нечаканую вылазку, разбіў войска Осрыка і забіў яго сябе. Пасля гэтага Кадвалан на працягу года кіраваў каралеўствам Осрыка і паводле слоў Беды Вялебнага «…валодаў Нартумбрыяй не як пераможны кароль, але як жорсткі тыран, які раздзірае з жахлівай крыважэрнасцю сваіх ахвяр на кавалкі»[6]. Кароль Берніцыі Энфрыд таксама быў неўзабаве забіты Кадваланам, калі прыйшоў да таго са світай усяго з 12 чалавек для правядзення мірных перамоў.
Пасля забойства Энфрыда прэтэндаваць на прастол Берніцыі стаў яго брат — Освальд. Вярнуўшыся са ссылкі ў Дал Рыядзе з невялікай войскам Освальд разбіў валійскага караля ў 634 годзе ў бітве пры Кад-іс-Гуале («Бітва ля сцяны», вал.: Cad-ys-gual, лац.: Cantscaul) або, паводле англасаксонскай назвы, пры Хэвенфілдзе (англ.: Heavenfield). Кадвалан загінуў у гэтай бітве ў месцы званым «Ручай Дзіянісія».
Ад шлюбу з Элкфрытай Мерсійскай у Кадвалана застаўся адзіны сын Кадваладр Фендыгайд ап Кадвалан, якому на момант гібелі бацькі быў толькі год. Пасля Кадвалана насуперак правам Кадваладра прастол атрымаў Кадавайл Кадомед ап Кінведу.
Кадвалан быў пахаваны ў Кайр-Лондэйне пад брамай Лудгейт.[7][8]
Зноскі
- ↑ Беда, «Царкоўная гісторыя англаў», кніга 2, глава IX
- ↑ Аналы Камбрыі, 629 год: Obsessio catguollaun regis in insula glannauc
- ↑ Аналы Камбрыі, 633 год: Kalendis ianuariis gueith meicen et ibi interfectus est Etguin cum duobus filiis suis. Catguollaun autem uictor fuit.
- ↑ Бяда, «Царкоўная гісторыя англаў», кніга 2, глава XX
- ↑ Беда называе месца аблогі «oppido municipio» — паводле рымскай тэрміналогіі горад акружаны сцяной. У гэты перыяд гэтаму апісанню адпавядае толькі Ёрк.
- ↑ Беда, «Царкоўная гісторыя англаў», кніга 3, глава I
- ↑ Усе манархіі свету Архівавана 7 верасня 2010.
- ↑ EBK: King Cadwallon of Gwynedd
Спасылкі