Евангелічная царква чэшскіх братоў (чэшск.: Českobratrská církev evangelická) — найбуйнейшая кальвінісцка-лютэранская абшчына Чэхіі. Юрыдычна зарэгістравана ў 1918 годзе, пасля распаду Аўстра-Венгрыі, аднак чэшская Рэфармацыя вядзе сваю гісторыю з часоў Яна Гуса.
Гісторыя
Як і ў іншых славянскіх народаў, гісторыя хрысціянства ў Чэхіі пачынаецца з пропаведзі святых Кірыла і Мяфодзія. У XV стагоддзі Чэхія стала радзімай перад-Рэфармацыі, якая ўлілася ў агульны паток еўрапейскай Рэфармацыі XVI стагоддзя. У 1588 годзе чэшскія браты пераклалі Біблію на чэшскую мову. Моцны ўдар па чэшскім пратэстантызме быў нанесены ў гады Трыццацігадовай вайны. Калі ў XVIII стагоддзі пратэстанцтва было легалізавана, у яго засталася невялікая колькасць прыхільнікаў.
Царква падзеленая на 14 сеньяратаў: Пражскі, Подэбрадскі, Паўднёвачэшскі, Заходнечэшскі, Усцецкі, Ліберацкі, Кралёўградскі, Хрудзімскі, Поліцкі, Горацкі, Брненскі, Усходнемараўскі, Мараўскасілезскі і Охранаўскі.