Існуюць розныя навуковыя меркаванні аб лакалізацыі старажытнага Дыльмуна. З канца XIX ст. выказвалася думка, што Дыльмунам трэба лічыць востраў Бахрэйн. У нашы дні афіцыйныя ўлады Бахрэйна называюць Дыльмунам рэшткі старажытнай цывілізацыі канца 4 — сярэдзіны 1 тысячагоддзяў да н. э., адкрытай археолагамі. Рэшткі старажытнага горада Калат-аль-Бахрэйн, унесеныя ў спіс Сусветнай спадчыны, у дакументах ЮНЕСКА таксама названы сталіцай Дыльмуна.
Дыльмунам або часткай Дыльмуна мог быць востраў Файлака ў Кувейце. Падчас раскопак у 1958—1963 гг. дацкія археолагі выявілі на ім камень з выбітым імем бога Анзака, якога шумеры лічылі вярхоўным бажаством дыльмунцаў. Аднак вядома, што гэтага бога таксама шанавалі ў Эламе, так што камень маглі пакінуць выхадцы з гэтай краіны.
Літаратура
Kramer, S. N. The Sumerians: Their History, Culture, and Character / Samuel Noah Kramer. — Chicago, London: University of Chicago Press, 1992. ISBN 0-226-45238-7