Герман Карл фон Кейзерлінг (1 ліпеня1696 — 30 верасня1765) — курляндскі дыпламат на рускай службе, сапраўдны тайны саветнік. Неаднаразова займаў пасаду пасланца Расіі ў Свяшчэннай Рымскай імперыі і ў Рэчы Паспалітай. У 1733—1734 гг. узначальваў Пецярбургскую акадэмію навук.
Адукацыю атрымаў у Данцыгу і Кёнігсбергу. У 1730 г., пасля ўзыходжання на рускі пасад Ганны Іванаўны, быў прыняты на рускую службу ў якасці віцэ-прэзідэнта Юсціц-калегіі эстляндскіх і ліфляндскіх спраў, а са жніўня 1733 г. па верасень 1734 г. быў прэзідэнтам Акадэміі навук і мастацтваў. За кароткі час свайго кіравання паспеў упарадкаваць фінансавую справаздачнасць Акадэміі, прыняў на службу перакладчыкам В. К. Традзьякоўскага, якога абавязаў «вычышчаць мову рускую», прычым той у сваю чаргу быў абавязаны навучыць мове і самога Г. К. Кейзерлінга.
У 1734 г. атрымаў прызначэнне да двара толькі што абранага ў польскія каралі Аўгуста ІІІ. У 1744 г. быў накіраваны ў Франкфурт на імперскі сейм, падчас якога падчас абрання германскім імператарам Франца I змог дамагчыся ад Свяшчэннай Рымскай імперыі афіцыйнага прызнання імператарскага тытула рускіх гаспадароў. У 1747—1749 гг. — пасланец у Берліне, пазней зноў быў прызначаны да саксонска-польскага двара. У 1752 г. вызвалілася месца пасланніка ў Вене, і канцлер Бястужаў перавёў туды ў званні надзвычайнага пасла Г. К. фон Кейзерлінга, дзе ён уладзіў канфлікт з Габсбургамі наконт распачатага высялення сербаў з Аўстрыі ў Расію. У 1753 г. атрымаў ордэн Святога Андрэя Першазванага і ордэн Святога Аляксандра Неўскага.
У Вене прымаў актыўны ўдзел у перамовах, якія змацоўвалі саюзныя адносіны Расіі і Аўстрыі напярэдадні Сямігадовай вайны. У 1762—1765 гг. быў паўнамоцным і надзвычайным паслом у Варшаве.