Гальфстры́м (ад англ.: gulf stream — цячэнне з заліва) — цёплае марское цячэнне ў Атлантычным акіяне. Працягам Гальфстрыма з’яўляецца Паўночна-Атлантычнае цячэнне. З-за Гальфстрыма краіны Еўропы, што прылягаюць да Атлантычнага акіяна, адрозніваюцца больш лагодным кліматам, у адрозненне ад рэгіёнаў на аналагічнай геаграфічнай шыраце: масы цёплай вады грэюць паветра, што праходзіць над імі, а заходнія ветры пераносяць яго на Еўропу.
Гальфстрым выяўлены ў 1513 годзе іспанскай экспедыцыяй пад камандаваннем Хуана Понсэ дэ Леона. У 1770-я гг. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геаграфічныя карты. З 1996 года Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўночнай Атлантыцы і яго фізічныя якасці[1].