Вугальная прамысловасць Беларусі — галіна паліўна-энергетычнага комплексу Рэспублікі Беларусь па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты выкапнёвых вуглёў.
Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту. Па стане 1994 года: з Расійскай Федэрацыі — 504 тыс. т, Украіны — 294 тыс. т, Казахстана — 102 тыс. т.[1]
У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы звыш 47 мн. т[2]), Брынёскае (запасы 41,79 млн.т[2]), Тонежскае (40-42 млн. т[2]) і Лельчыцкае радовішчы (35,715 млн. т[2])[3]. Акрамя гэтага ў паўднёвай частцы Прыпяцкага прагіну былі выяўлены асобныя вугляпраявы: Букчанскае і Прыбалавіцкае[2].
У 2007 годзе прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі прадстаўляючы прэзідэнту ўрадавую праграму выкарыстання мінеральна-сыравіннай базы краіны, паведаміў аб разведаных радовішчах бурага вугалю ў аб’ёме 150 млн. т., што дало б магчымасць метадам сінтэзу атрымліваць вуглевадароднае паліва ў аб’ёме да 500 тыс. т у год. Аднак для рэалізацыі гэтага праекта, па стане на 2007 год, патрэбны былі інвестары, якія пагадзіліся б укласці ў яго звыш 4 трлн. беларускіх рублёў (звыш 2 млрд. долараў ЗША)[4]. У 2016 годзе міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута пацвердзіў, што ў рэспубліцы ўсё яшчэ няма прамысловых тэхналогій перапрацоўкі бурых вуглёў у маторнае паліва, што робіць не мэтазгодным правядзенне работ па праектаванні і будаўніцтве горна-хімічнага камбіната з улікам комплекснага асваення радовішчаў[3].
Крыніцы
Літаратура