ААТ «Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод» (ААТ «ВМЗ»; раней — Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання, ВЗЛА) — беларуская кампанія, размешчаная ў горадзе ВаўкавыскГродзенскай вобласці.
Гісторыя
У 1902 годзе ў Ваўкавыску на базе майстэрні быў створаны чыгуналіцейны завод, які вырабляў сельскагаспадарчы інвентар[1][2]. У 1939 годзе прадпрыемства нацыяналізавана[3][4]. Да красавіка 1941 года на заводзе працавала 126 чалавек. У 1944 годзе пачалося вырабляцца абсталяванне для мясцовай прамысловасці акрамя сельскагаспадарчага інвентара[4]. У гэты перыяд ён называўся Ваўкавыскі ліцейна-механічны завод. У 1949 годзе прадпрыемства асвоіла вытворчасць абсталявання для ліцейнай вытворчасці — змешвальных бегуноў, — а таксама абсталявання для торфавытворчасці і карпусоў электраматораў, захоўваючы пры гэтым вытворчасць запатрабаванага сельскагаспадарчага інвентара. У 1950-я гады завод пашыраўся, былі пабудаваныя новыя цэхі[3][4]. У 1962 годзе прадпрыемства пераўтворана ў Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання[5]. У 1964—1966 гадах праведзена рэканструкцыя[2].
У 1965 годзе завод быў падпарадкаваны Галоўнаму ўпраўленню па вытворчасці кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання Міністэрства станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР, у 1976 годзе — Усесаюзнаму прамысловаму аб’яднанню па вытворчасці ліцейнага абсталявання таго ж міністэрства, у 1986 годзе — НВА па ліцейным машынабудаванні, ліцейнай тэхналогіі і аўтаматызацыі ліцейнай вытворчасці «ВНИИЛИТМАШ», у 1988 годзе — міжгаліноваму навукова-тэхнічнаму комплексу «АНТИКОР». З 1991 года падпарадкоўваецца Дзяржкамітэту Рэспублікі Беларусь па прамысловасці і міжгаліновых вытворчасцях (з 1994 года — Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь)[5]. Завод пастаўляў абсталяванне для металургічных заводаў і ліцейных цэхаў розных прадпрыемстваў — у прыватнасці, на аўтазаводы: Ульянаўскі, Камскі, Маскоўскі імя Ліхачова, Іжэўскі, Мінскі, а таксама экспартаваў прадукцыю. У 1985 годзе на прадпрыемстве працавала 1514 чалавек[4]. У 1995 годзе завод вырабляў тэхналагічнае абсталяванне для ліцейнай вытворчасці, будаўнічую тэхніку, сельскагаспадарчае абсталяванне[2]. У 2001 годзе ператвораны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства[4]. Пасля прадпрыемства было пераўтворана ў ААТ «Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод» з захаваннем рэквізітаў[6].
Сучасны стан
Завод вырабляе ліцейнае абсталяванне, а таксама абсталяванне для будаўніцтва, будаўніча-аздобныя машыны, для сельскай гаспадаркі[1]. Металаапрацоўка рознай ступені складанасці (па чарцяжах заказчыка).