Бярэзінская водная сістэма — штучны водны шлях, які злучаў раку Бярэзіну (басейн Дняпра) з Улай (басейн Дзвіны). Даўжыня 162,1 км. Было 14 шлюзаў і паўшлюзаў, 4 бейшлоты. Эксплуатавалася пераважна ў XIX ст.
Гісторыя
Пабудавана ў 1797—1805 гадах (І. К. Герард, Ф. І. Герард, М. І. Фрэйганг, Я. Э. дэ Вітэ і Ф. П. Дэвалан). Рэканструявалася ў 1810—1812, 1823—1836, 1870—1880-х гадах. Прызначалася для вывазу сельгаспрадукцыі, сыравіны і лесу з Магілёўскай і Мінскай губерняў да Рыжскага порту. Першыя праекты злучэння Дняпра з Заходняй Дзвіной распрацаваны ў 1701 годзе, ідэя Бярэзінскага канала належыць шляхціцу Чацкаму (1794).
Да 1817 і з 1880-х гадоў па сістэме здзяйснялася суднаходства, у канцы XIX ст. штогод па сістэме перавозілі да 40—50 млн пудоў грузу. Канкурэнцыя чыгунак прычынілася заняпаду сістэмы ў пачатку XX ст. Тым не менш, яшчэ да 1941 года па частцы сістэмы сплаўлялі лес, але падчас 2-й сусветнай вайны шлюзы падарваны і каналы канчаткова заняпалі. Сплаў лесу спыніўся ў 1950 годзе.
Сучасны стан
У цяперашні час на Бярэзінскім канале захаваліся рэшткі гідратэхнічных збудаванняў, водападводы, вартаўнічыя будкі. Рэчышчы каналаў заглеіліся і змялелі. Для падтрымання гідралагічнага рэжыму на месцы старых плацін і шлюзаў збудаваны жалезабетонныя плаціны; у насыпах драўляныя вадазлівы заменены трубамі.
Участак ад Бярэзіны да Плаўна знаходзіцца ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Частка каналаў па-за запаведнікам выкарыстоўваецца турыстамі — энтузіястамі падарожжаў па водных шляхах.
Крыніцы
У артыкуле або раздзеле ёсць спіс крыніц або спасылак, але крыніцы асобных сцвярждэнняў няясныя праз неўжыванне зносак.
Сцвярджэнні, не падмацаваныя крыніцамі, могуць быць пастаўлены пад сумненне і выдалены. Вы можаце палепшыць артыкул, дадаўшы дакладнейшыя спасылкі на крыніцы.