Астракве́тныя (Asterales, або Synandrae) — парадак двухдольных раслін.
Апісанне
Гэта шматгадовыя ці аднагадовыя травы і паўкусты, радзей кусты, ліяны ці невялікія дрэвы. Лісты чарговыя ці радзей супраціўныя, часам кальчаковыя, простыя, ад цэльных да расчлянёных, бываюць рэдукаваныя, без прылісткаў. Характэрна прысутнасць запаснога вугляводу інуліну. Кветкі сабраны ў рацэмозныя (батрычныя) суквецці кошыкі. Апошні ўяўляе сабой кветаложа — выцягнутае, выпуклае ці ўвагнутае. Звонку кветаложа акружана абгорткай з відазмененых верхавінкавых лістоў. Абгортка можа быць з аднаго раду або яна шматрадная (бадзяк), чарапічная ці кручкаватая (лопух).
Асобныя кветкі кошыка сядзяць на плоскім, больш ці менш выпуклым ці нават верацёнападобным агульным кветаложы. У кошыках з аднароднымі кветкамі краявыя (прамянёвыя) кветкі — жаночыя ці бясплодныя, а цэнтральныя (дыскавыя) — двухполыя ці функцыянальна мужчынскія. Калякветнік і андрацэй 5-членныя ці рэдка чатырохчленныя. Трубка чашачкі разам з асновай трубачкі вяночка поўнасцю прырасла да завязі, і яе свабодныя лопасці звычайна моцна відазменены і ператвораны ў чубок, ці папус, які часта рэдукаваны ці адсутнічае. Вяночак пяці асноўных тыпаў: трубчасты (актынаморфны і поўнасцю зрослапялёсткавы, на вяршыні пяцізубчасты), язычковы (на ранняй стадыі развіцця трубчасты, але ў час цвіцення расшчапляецца ўздоўж і ператвараецца ў язычковы); двухгубы зігаморфны з трохчленнай, верхняй і двухчленнай, ніжняй губамі; несапраўднаязычковы — на вяршыні трохзубчасты і варонкападобны — вяночак мае не зусім роўныя долі, ён злёгку зігаморфны. Тычынкі прымацаваны да трубкі вяночка і чаргуюцца з пялёсткамі, ніткі звычайна свабодныя, але могуць зрастацца ў трубку. Пыльнікі звычайна склеены паміж сабой. Гінецэй з дзвюх медыяльных карпел, паракарпны. Пад рыльцам слупок часта нясе каўнерык валаскоў (вымятаючыя валаскі). Завязь ніжняя, аднагнездавая з адной семязавяззю.
Пашырэнне
Парадак уключае каля 28 тыс. відаў (900—1000 родаў), распаўсюджаных па ўсім зямным шары і прадстаўленых ва ўсіх кліматычных зонах. У сістэме класіфікацыі APG II уключаны ў групу эвастэрыды II.
Класіфікацыя
Паводле сістэме класіфікацыі APG II (2003) парадак Астракветных складаецца з 13 сямействаў:
- Alseuosmiaceae
- Argophyllaceae (Engl.) Takht., 1987
- Asteraceae Martynov, 1820, nom. cons. — Астравыя, ці Складанакветныя
- Calyceraceae R.Br. ex Rich., 1820, nom. cons.
- §Campanulaceae Juss., 1789, nom. cons. — Званочкавыя
- [+Lobeliaceae Juss. ex Bonpl., 1813, nom. cons.]
- Goodeniaceae R.Br., 1810, nom. cons.
- Menyanthaceae Bercht. & J.Presl, 1820, nom. cons. — Бабковыя
- Pentaphragmataceae J.Agardh, 1858, nom. cons.
- Phellinaceae (Loes.) Takht., 1967
- Rousseaceae DC., 1839
- Stylidiaceae R.Br., 1810, nom. cons.
- [+Donatiaceae B.Chandler, 1911, nom. cons.]
- [+…] — сямейства, якое можа быць аддзелена ад папярэдняга;
- § — сямейства, склад якога змяніўся ў параўнанні з Сістэмай APG (1998)
Філагенія
Ніжэй прыведзена кладаграма групы asterids, якая паказвае меркаваныя роднасныя адносіны парадку Астракветныя паводле сістэмы класіфікацыі APG III (2009)[1]:
Зноскі
Літаратура
- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6
Спасылкі