Лічыцца, што культ Астарты першапачаткова ўзнік у Месапатаміі, дзе яна была вядома як Інана (у шумераў) і Іштар (у вавіланян і асірыйцаў). У 2 тысячагоддзі да н. э. шанаванне Астарты распаўсюдзілася ў Сірыі, Палесціне і Ханаанскай зямлі. Тут вобраз месапатамскай багіні ўвабраў у сябе рысы мясцовай багіні Анат, што была абаронцай паляўнічых і пастухоў, малявалася як дзева-ваяўніца.
У другой палове 2 тысячагоддзя да н. э. у сувязі з экспансіяй Старажытнага Егіпта на Блізкі Усход прыхільнікі Астарты-Анат з’явіліся ў егіпецкіх гарадах. Першапачаткова імі былі іншаземцы, аднак пазней Астарта-Анат увайшла ў егіпецкі міфалагічны цыкл, прысвечаны проціборству Сета і Асірыса. Многія рысы егіпецкага вобраза Астарты былі запазычаны багіняй Сехмет.
У блізкаўсходняйміфалогіі Астарта злучалася галоўным чынам з Балу-Ваалам, выступала то як яго маці, то як кансорт. Менавіта такой яна вядома Бібліі. Магчыма, што пашырэнне культа Астарты таксама адбывалася дзякуючы папулярызацыі Ваала. У фінікійцаў яна часам выступае як жонка бога Эля. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што старажытныя іўдзеі прымалі Астарту ў якасці жонкі Яхве.
Егіпцяне атаясамлівалі Ваала з Сетам, таму ў старажытнаегіпецкай міфалогіі Астарта была яго жонкай. Паводле аднаго з міфаў, Гор запячатаў улонне Астарты, але Сет зняў пячаць і злучыўся з багіняй у свяшчэнным акце.