Апольскі ўніверсітэт — адзін з васямнаццаці дзяржаўных класічных універсітэтаў у Польшчы, які базуецца ў горадзе Аполе. Быў утвораны ў 1994 годзе ў выніку аб’яднання Вышэйшай педагагічнай школы імя Сілезскіх паўстанцаў (заснавана ў 1950 годзе ва Уроцлаве і пераведзена ў 1954 годзе ў Аполе) і апольскага філіяла Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта (размяшчаўся ў Нысе), заснаванага на шматгадовым вопыце Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Нысе, дзе працавалі навуковыя кадры былога багаслоўскага факультэта Універсітэта Яна Казіміра ў Львове. Універсітэт выводзіць свае традыцыі са спробы ў XVI стагоддзі стварыць Пястаўскі ўніверсітэт у Бжэгу князем Ежы II і ў Нысе ў XVII стагоддзі ўроцлаўскім біскупам Карлам Габсбургам.
Навучанне студэнтаў вядзецца на 47 асноўных кірунках стацыянарнай і завочнай форм навучання. На працягу апошніх гадоў універсітэт з’яўляецца міждысцыплінарнай научальнай установай з перавагай гуманітарных спецыяльнасцей. У яго складзе дзейнічае 12 факультэтаў, 20 інстытутаў і 12 міжвузаўскіх падраздзяленняў.
Установа мае 771 навукова-метадычных супрацоўнікаў (з іх 60 — на пасадзе прафесара звычайнага, 155 — на пасадзе прафесара надзвычайнага, 387 — на пасадзе ад’юнкта, 80 — на пасадзе асістэнта, 84 — на пасадзе старшага выкладчыка і 5 выкладчыкаў). З пункту гледжання атрыманых навуковых ступеняў ва ўніверсітэце працавалі: 87 прафесараў, 165 хабілітаваных дактароў і 350 дактароў філасофіі.
Структура
Факультэты
Багаслоўскі факультэт
Медыцынскі факультэт
Прыродазнаўчы факультэт
Факультэт мастацтваў
Факультэт матэматыкі, фізікі і інфарматыкі
Факультэт медыцынскіх навук
Факультэт навук аб палітыцы і сацыяльных камунікацыях
Факультэт права і адміністрацыі
Факультэт сацыяльных навук
Факультэт хіміі
Філалагічны факультэт
Эканамічны Факультэт
Інстытуты
Інстытут біялогіі
Інстытут хіміі
Інстытут эканомікі і фінансаў
Інстытут фізікі
Інстытут сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і прасторавай эканомікі