Апана́ж (фр.: apanage «удзел», ад познелац.: appano «забяспечваю хлебам») — частка спадчынных зямельных уладанняў ці грашовае ўтрыманне, якія перадаваліся некаранаваным членам каралеўскай сям'і.
Там, дзе прастол мог быць атрыманы ў спадчыну (па салічнай сістэме) толькі асобамі мужчынскага пола, апанаж не падаваўся прынцэсам, хоць нерухомая маёмасць ім і давалася. Дзе існаваў для манарха так званы цывільны ліст (гэта значыць дакладна вызначаны памер утрымання), там апанаж узгадняўся з гэтым памерам і, як усе фінансавыя сродкі, ваціраваўся ў палаце народных прадстаўнікоў.
Пры прызначэнні апанажу трымаліся адной з наступных галоўных сістэм: 1) сістэма, пры якой кожнаму прынцу пры дасягненні ім паўналецця прызначаецца апанаж, вызначаецца нерухомая маёмасць, якая пераходзіць ў выпадку яго смерці зноў да дзяржавы; 2) спадчынная сістэма, пры якой прызначаны апанаж пераходзіць пасля смерці таго, хто яго атрымаў, да яго спадчыннікаў, дзеліцца паміж імі і вяртаецца дзяржаве, толькі калі яго лінія згасне.