У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Калам.
Аляксандр Калам (фр.: Alexandre Calame; 28 мая 1810, Вевэ — 19 сакавіка 1864, Ментона) — швейцарскі мастак. Эпічныя, пераважна альпійскія пейзажы мелі вялікую папулярнасць у XIX стагоддзі і аказалі значны ўплыў на далейшае развіццё пейзажнага жанру.
Жыццё і творчасць
Нарадзіўся ў сям’і разьбяра па мармуры. З 15 гадоў працаваў у банку. Маляваць пачаў яшчэ ў юнацтве, пераважна пейзажы Швейцарыі. У 1829 годзе, пры фінансавай падтрымцы свайго працадаўцы, банкіра Дыядаці, бярэ ўрокі ў мастака Франсуа Дзідэ. Праз некалькі месяцаў навучання Калам вырашаецца прысвяціць сваё жыццё мастацкай творчасці.
Пачынаючы з 1835 года жывапісец выстаўляе свае лясныя і горныя пейзажы ў Берліне і ў Парыжы, дзе яны знайшлі вялікую колькасць прыхільнікаў (асабліва ў Германіі). У 1842 годзе экспануе ў Парыжы пяць сваіх палотнаў («Манблан», «Юнгфрау», «Брыенцкае возера», «Монтэ Роза» і «Монт Сервен»). У 1844 годзе мастак здзяйсняе вандраванне па Італіі, наведвае Рым і Неапаль, дзе робіць шматлікія замалёўкі і піша некалькі карцін. Нягледзячы на тое, што Калам быў вельмі паспяховы ў перадачы паўднёвай прыроды, галоўнай яго тэмай заставаўся горны ландшафт Швейцарыі.
Адметнай асаблівасцю творчасці жывапісца з’яўлялася вельмі частае адлюстраванне ў чатырох пейзажах чаргаванне чатырох пор года або сутак. Вялікай папулярнасцю карысталіся таксама зробленыя А. Каламам літаграфіі, гравюры і мастацкія мініяцюры, прысвечаныя швейцарскай прыродзе.
Зноскі
Літаратура