Альфрэ́д Марша́л (англ.: Alfred Marshall) (26 ліпеня1842, Бермондсі, Лондан — 13 ліпеня1924, горад Кембрыдж) — найбольш уплывовы ў свой час англійскіэканаміст. Яго асноўная праца — «Прынцыпы эканомікі» (англ.: Principles of Economics), у якой навуковец упершыню падаў азначэнні тэрмінаў «попыт», «прапанова», «лімітаваная карыснасць» і «выдаткі вытворчасці» ў адным цэлым.
Біяграфія
Дзяцінства Альфрэда Маршала прайшло ў Лонданскім раёне Клэпам. Навучаўся ён у школе Мэрчант Тэйлара ў Нортвудзе і ў каледжы Святога Джона ў Кембрыджы. Пад час навучэння будучы навуковец выявіў надзвычайныя здольнасці ў матэматыцы, што было пацверджана вынікам штогадовага экзамену па матэматыцы ў 1865 годзе ў Кембрыджы. Альфрэд Маршал атрымаў там другое месца. У 1868 годзе ён становіцца прафесарам палітычнай эканомікі.
У сваёй працы Маршал імкнуўся пашырыць выкарыстанне матэматыкі ў эканоміцы і зрабіць апошнюю больш навуковой дысцыплінай. Але ён жадаў захаваць прастату разумення эканомікі нават «дылетантамі». У сваіх кнігах Маршал мясціў матэматычныя формулы ў зносках і дадатках «для прафесіяналаў».
Альфрэд Маршал быў настаўнікам у Кембрыджы сваёй будучай жонкі Мэры Пэйлі. Яны ажаніліся ў 1877 годзе. Каб выканаць правіла бясшлюбнасці, Альфрэд быў вымушаны перайсці ва ўніверсітэт Брысталя. Там ён працягвае выкладаць палітычную эканоміку.
У 1879 годзе Маршал выдае сваю працу «Эканоміка прамысловасці», якая прынесла вядомасць навукоўцу. А пасля 1881 года Маршал становіцца ўжо вядучым эканамістам-вучоным Брытаніі.
У 1884 годзе Маршал вяртаецца ў Кембрыдж на пасаду прафесара палітычнай эканомікі на месца памерлага Генры Фосэта. На гэтай пасадзе навуковец распрацоўвае новы экзамен па палітычнай эканоміцы, які быў уведзены толькі ў 1903 годзе. Да гэтага часу пытанні па эканоміцы ў Кембрыджы ўключаліся ў экзамены па гісторыі і маралі.
З 1881 года Альфрэд Маршал працуе над сваёй фундаментальнай кнігай «Прынцыпы эканомікі». Паступова гэтая праца пашырылася да двух тамоў. Першы том быў выдадзены ў 1890 годзе і атрымаў прызнанне ва ўсім свеце як перадавая навуковая праца. Маршал атрымаў сусветную вядомасць. На жаль, другі том так і не быў скончаны.
Альфрэд Маршал з’яўляўся першым прэзідэнтам Кааператыўнага кангрэса з 1889 года.
У наступны час на працягу 20 гадоў Маршал працаваў над другім томам «Прынцыпаў эканомікі». Але надзвычайнае імкненне да дасканаласці і дэталёвасці не дазволіла яму скончыць гэтую працу.
З 1880 года Альфрэд адчувае праблемы са здароўем. Хвароба з часам узмацнялася, і ў 1908 годзе навуковец быў вымушаны звольніцца з універсітэта. Але вольны час таксама не дапамог Маршалу скончыць сваю асноўную працу.
У 1919 годзе ва ўзросце 77 гадоў Маршал выдае сваю працу «Вытворчасць і гандаль». Гэты твор быў больш эмпірычным у параўнанні з надзвычай тэарэтычнымі «Прынцыпамі эканомікі». З гэтай прычыны праца Маршала не прыцягнула ўвагі навуковага эканамічнага свету і не атрымала адпаведнай ацэнкі. У 1923 выдаецца «Грошы, крэдыт і гандаль» — шырокая сумесь эканамічных ідэй за паўстагоддзя.
Тым не менш, Альфрэд Маршал з 1890 да самай смерці і на працягу паўстагоддзя пасля яе быў самым паважаным вучоным-эканамістам. Яго студэнты Джон Мейнард Кейнс і Артур Пігу сталі вядучымі эканамістамі-вучонымі. Маршал стаяў ля вытокаў сучаснай навукі эканомікі, ён распачаў шырокае ўжыванне матэматычных метадаў.
Альфрэд Маршал памёр ва ўзросце 81 года. Яго імя носяць бібліятэкі дэпартаментаў эканомікі ва ўніверсітэтах Кембрыджа і Брысталя.
Навуковая дзейнасць
Унёсак Альфрэда Маршала вызначыў напрамак навуковай дзейнасці на шмат гадоў наперад. Ён у сваіх працах аб’яднаў тэорыі такіх эканамістаў, як Адам Сміт, Дэвід Рыкарда, Томас Роберт Мальтус, Джон Сцюарт Міль, і развіў далей. Маршал дадаў класічнай школе эканомікі цэлы раздзел, які вывучаў паводзіны пакупнікоў. Гэты напрамак атрымаў назву маржыналізм. Працы Маршала зрабіла папулярным азначэнне «попыт і прапанова».
Развіццё навукі эканомікі матэматычнымі метадамі дало ёй якасны штуршок. Эканамічная навука стала больш прыкладной, яе пачалі вывучаць асобна ад іншых навук. Вынікам выкарыстання гэтых метадаў было з’яўленне тэрмінаў «лімітаваная карыснасць» і «лімітаваныя выдаткі». Іх графічная выява дае знакаміты «крыж Маршала», які вызначае раўнаважную цану на тавар.