Альбеда (лац.: albus — белы, светлы) — велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.
Класіфікацыя
Адрозніваюць:
- інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення,
- монахраматычнае альбеда — для пэўнай даўжыні хваль,
- спектральнае альбеда — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і інш.).
Інтэгральнае альбеда планеты Зямлі (з атмасферай) каля 35 %, у бачнай частцы спектра 40 %. Залежыць ад геаграфічнай шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш.
Альбеда вільготнай глебы 5—10 %, лесу 5—20 %, травянога покрыва 20—25 %, пяску 30—40 %, свежага снегу 70-90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.
Літаратура