Магнію аксід, паленая магнезія — злучэнне магнію з кіслародам; асноўны аксід, MgO. У прыродзе рэдкі мінерал перыклаз.
Бясколернае крышталічнае рэчыва, тэмпература плаўлення 2827 °C, шчыльнасць 3580 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Дробнакрышталічны магнію аксід паглынае вуглякіслы газ і вадзяную пару, лёгка ўзаемадзейнічае з кіслотамі. Атрымліваюць абпальваннем магнезіту і даламіту. Выкарыстоўваецца ў вытворчасці вогнетрывалых матэрыялаў, магнезіяльнага цэменту, пры вулканізацыі гумы, для ачысткі нафтапрадуктаў, у медыцыне (сродак для зніжэння кіслотнасці страўнікавага соку, лёгкае слабіцельнае).