Абсерваторыя Улугбека (узб.: Ulug‘bek rasadxonasi) — адна з найбольш значных абсерваторый сярэднявечча, пабудаваная Улугбекам на пагорку Кухак у ваколіцах Самарканда ў 1424—1428 гадах[2].
Гісторыя заснавання
Заснавальнік абсерваторыі Мухамад Тарагай Улугбек, унук Тамерлана, быў добра адукаваным і схільным да навук і мастацтва чалавекам[2]. Яго настаўнікамі былі пісьменнік і філосаф Арыф Азары і буйны матэматык Казі-задэ ар-Румі(руск.) (бел., які пасля шмат зрабіў для абсерваторыі. Працы Улугбека паказваюць, што да іх стварэння ён добра азнаёміўся з творамі папярэднікаў. Стаўшы кіраўніком Самарканда, Улугбек заснаваў там абсерваторыю, з дапамогай якой вёў працяглую і вельмі прадуктыўную навуковую дзейнасць у матэматыцы і астраноміі[2].
Пасля забойства Улугбека ў 1449 годзе абсерваторыя была занядбаная. Ужо ў XVI стагоддзі яна ператварылася ў груду развалін. Доўгі час дакладнае месцазнаходжанне абсерваторыі заставалася невядомым. Толькі ў 1908 годзе В. Л. Вяткіну(руск.) (бел. ўдалося выявіць яе рэшткі дзякуючы дакументам XVII стагоддзя, што далі пэўныя ўказанні на месца размяшчэння абсерваторыі.
Пры раскопках у 1908—1909 гадах былі выяўленыя сляды круглай сцяны ў адну цэглу і частка галоўнага інструмента. Іншых астранамічных прылад не знойдзена. Раскопкі В. Л. Вяткіна ў 1914 годзе не далі чаканых вынікаў. Толькі на вяршыні пагорка была расчышчана пляцоўка дыяметрам каля 50 метраў.
У 1915 годзе ўладкавана скляпеністае перакрыцце над адкапанай траншэяй з часткай секстанту. Вывучэнне абсерваторыі атрымала шырокі размах толькі ў савецкі час. У выніку раскопак І. А. Сухарава пад кіраўніцтвам прафесара М. Я. Масона(руск.) (бел. ў 1941 годзе, і ў асаблівасці раскопак В. А. Шышкіна(руск.) (бел. ў 1948 годзе, дакладна ўстаноўлена, што абсерваторыя ўяўляла сабой адзінае архітэктурнае цэлае.
Апісанне
Галоўным стацыянарным інструментам быў гіганцкі квадрант, размешчаны ўнутры цыліндрычнага будынка дыяметрам 48 м (рэшткі падмурка, дакладней траншэй ад яго, знойдзеныя пры археалагічных даследаваннях)[2]. Верхняя частка яго мерыдыяннай дугі, памерам 40,2 м дасягала плоскага даху будынка, яе ніжняя частка (да 11 м) захавалася да гэтага часу ў скальнай траншэі, на даху размяшчаліся азімутны круг і вярчальны квадрант(англ.) (бел., якія давалі магчымасць фіксаваць самым дакладным чынам каардынаты свяцілаў ў любым пункце нябеснай сферы. Там быў таксама сонечны гадзіннік[2].
Значэнне абсерваторыі
Па археалагічных рэштках можна зрабіць выснову, што абсерваторыя Улугбека была адной з самых вялікіх на Усходзе[3].
Вынікам навуковых прац Улугбека ў абсерваторыі з’яўляюцца так званыя «Новыя астранамічныя табліцы», якія ўтрымліваюць выкладанне тэарэтычных асноў астраноміі і каардынаты звыш 1000 зорак[2]. Сярод шматлікіх астранамічных табліц Улугбека вялікую цікавасць уяўляе табліца геаграфічных каардынатаў 683 розных населеных пунктаў краін свету. Зорны каталог(руск.) (бел. Улугбека складаецца з 1018 зорак, размешчаных па сузор’ях. Кожная зорка мае нумар, коратка апісана яе становішча ў сузор’і. Пазначаны каардынаты (даўгата і шырата) і велічыня[3].
Табліцы атрымалі шырокую вядомасць у Еўропе (выдадзены ў Оксфардзе ў 1665 годзе), Індыі і Кітаі. Прыведзеныя ў ім звесткі, а таксама істотна удакладненыя Улугбекам значэнні працягласці года, нахілу экліптыкі да экватара і прэцэсіі мелі вялікае значэнне для астраноміі[2].