Іньяс/Ігнасэ Мурванаш’яка (фр.: Ignace Murwanashyaka; 14 мая 1963 — 16 красавіка 2019) — кіраўнік паўстанцкай групоўкі руандыйскіх хуту «Дэмакратычныя сілы вызвалення Руанды». Меў від на жыхарства і палітычны прытулак у ФРГ. Як лідар баевікоў асуджаны за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, што было першым падобным выпадкам у Германіі з часоў Нюрнбергскага працэсу.
Біяграфія
Мурванаш’яка нарадзіўся ў Бутарэ[1].
Вучыўся ў Заходняй Германіі, дзе атрымаў ступень доктара эканамічных навук. У 1989 годзе атрымаў від на жыхарства, а ў 2000 года — палітычны прытулак. У лістападзе 2005 года быў унесены ў чорны спіс ААН за парушэнне эмбарга на пастаўкі зброі ў ДР Конга[2].
7 красавіка 2006 года за парушэнне іміграцыйнага рэжыму быў арыштаваны ў нямецкім Мангейме, але неўзабаве вызвалены[3][4]. 26 мая 2006 года супраць Мурванаш’які было распачата папярэдняе расследаванне па «падазрэнні ў датычнасці да злачынстваў супраць чалавечнасці ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга», аднак следства прыпынена[5]. Руанда заявіла, што будзе дамагацца яго экстрадыцыі за меркаваныя злачынствы, учыненыя падчас генацыду супраць тутсі[6], і выдала ордэр на арышт[7].
17 лістапада 2009 года Мурванаш’яка зноў арыштаваны нямецкімі ўладамі. Судовы працэс над ім пачаўся 4 мая 2011 года ў Вышэйшым судзе ў Штутгарце. Кіраўніка мяцежнікаў абвінавацілі па некалькіх пунктах ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці. Працэс над Мурванаш’якай стаў першым у Германіі за падобныя злачынствы з часоў Нюрнберга[8][9]. У верасні 2015 года руандыец быў прысуджаны да 13 гадоў[10].
20 снежня 2018 года Федэральны суд юстыцыі адмяніў рашэнне аб пераглядзе справы абвінавачанага і генеральнага пракурора ў цэлым[11]. Новы суд павінен быў пачацца ў маі 2019 года[12], аднак 16 красавіка Мурванаш’яка памёр[13]. Да самай смерці ён правёў дзевяць з паловай гадоў у нямецкім следчым ізалятары без перапынку, даўжэй, чым любы іншы абвінавачаны ў Германіі раней. Некаторы час руандыец правёў у адзіночнай камеры[14].
Сям’я
Ажаніўся з немкай. Меў 2 дзяцей.
Заўвагі